Міжнародны агляд-конкурс на лепшага інспектара ДПС адкрываецца сёння ў Полацку

24 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародны агляд-конкурс прафесійнага майстэрства сярод супрацоўнікаў дарожна-паставой службы адкрываецца сёння ў Полацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. У спаборніцтвах прымаюць удзел каманды з Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, а таксама ўсіх рэгіёнаў Беларусі. На працягу трох дзён 36 удзельнікаў будуць аспрэчваць званне лепшага ў розных конкурсах. Сапернікам трэба будзе выканаць заданні па хуткасным манеўраванні на легкавых аўтамабілях і матацыклах, спецыяльнай, медыцынскай і агнявой падрыхтоўцы, прадэманстраваць веданне правілаў дарожнага руху і нарматыўных дакументаў, валоданне прыёмамі барацьбы, а таксама паказаць сваё майстэрства ў рэгуляванні руху на адным з скрыжаванняў Полацка. Пераможцы будуць вызначаны ў асабістым і камандным заліках. Іх узнагароджанне адбудзецца 26 чэрвеня. Конкурс накіраваны на павышэнне прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў ДПС, абмен вопытам паміж удзельнікамі з розных краін. Асноўным арганізатарам мерапрыемства з'яўляецца ўпраўленне ДАІ МУС Беларусі.-0-