Міжнародны спартыўна-музычны фестываль пройдзе ў Браславе 5-6 ліпеня

Міжнародны спартыўна-музычны фестываль "VIVA BRASLAU" пройдзе ў Браславе 5-6 ліпеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Браслаўскім райвыканкаме.

Фестываль адкрыецца 5 ліпеня паруснай рэгатай на возеры Дрывяты. У суботу, 6 ліпеня, на гарадскім пляжы ў Браславе пройдуць спаборніцтвы па пляжным футболе, пляжным валейболе і дартсе, а таксама спаборніцкія заплывы на байдарках. На стадыёне адбудзецца міжнародны конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні "Бела мелодыя-2013", пасля чаго гасцей фестывалю чакае выступленне рок-гурта "Лейсвер", святлодыёднае шоў, фаер-шоў і начная дыскатэка.

У фестывалі возьмуць удзел спартыўныя каманды і маладыя выканаўцы з памежных рэгіёнаў Беларусі, Латвіі і Літвы: Віцебскай вобласці, Латгаліі і Аўкштайціі.

Міжнародны спартыўна-музычны фестываль "VIVA BRASLAU" праводзіцца па праекце "Садзейнічанне развіццю турызму ў памежных рэгіёнах Латгаліі, Уцяны і Віцебска" ("Бела Дзвіна") трансгранічнай праграмы супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі. Агульны бюджэт праекта - 1,7 млн. еўра (90% сумы складае сафінансаванне Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства трансгранічнай праграмы супрацоўніцтва трох краін).

БЕЛТА