Міжнародны турнір Еўрапейскай юнацкай баскетбольнай лігі пройдзе ў Віцебску

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны турнір Еўрапейскай юнацкай баскетбольнай лігі (ЕЮБЛ) пройдзе з 22 па 25 сакавіка ў Віцебску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі баскетбола. У турніры возьмуць удзел восем каманд з Беларусі, Расіі, Латвіі і Польшчы. Узрост юнакоў 19-20 гадоў. Спаборніцтвы пройдуць у Цэнтральным спартыўным комплексе "Віцебскі". Гульнявая праграма стартуе ў пятніцу, 23 сакавіка, а 9.00. Віцебскі этап Міжнароднага турніру Еўрапейскай юнацкай баскетбольнай лігі стане трэцім па ліку. Два папярэднія прайшлі ў Беларусі і Латвіі. Фінальны чацвёрты этап пройдзе ў Рызе 26-29 красавіка. Прадстаўніком ад Беларусі ў гэтай баскетбольнай лізе з'яўляецца мінская каманда БДУІР. Астатнія ўдзельнікі: "Хімкі" (Расія), "Ваўкаград" (Расія), "Дынама" (Масква, Расія), "Рыга" (Латвія), "Ліепая" (Латвія), ДСН (Рыга, Латвія), "Трэфл" (Сопат, Польшча). Пасля двух этапаў у зводнай турнірнай табліцы ЕЮБЛ мінскі БДУІР з 18 ачкамі пасля 10 матчаў займае 3-е месца. Наперадзе толькі эстонскі "Хіта" (Кохтла-Ярвэ) - 20 ачкоў пасля 10 матчаў і польскі "Трэфл" (Сопат) - 19 (10). Усяго ў турніры прымаюць удзел 16 каманд, у фінальную стадыю выйдуць 4 лепшыя дружыны. Афіцыйным партнёрам ЕЮБЛ у Беларусі выступіў Банк ВТБ (Беларусь), які актыўна прымае ўдзел у развіцці баскетбола ў нашай краіне. Еўрапейская юнацкая баскетбольная ліга створана пры ўдзеле дзіцяча-юнацкіх школ з мэтай умацавання міжнародных сувязей, папулярызацыі баскетбола ў краінах Еўропы і, галоўнае, з мэтай павышэння класа юнацкіх каманд праз забеспячэнне рэгулярных афіцыйных міжнародных сустрэч. Для беларускай каманды гэтыя спаборніцтвы маюць вялікае значэнне, бо яе аснову складаюць гульцы, якія летам 2012 года выступяць у складзе моладзевай зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы ў Балгарыі.-0-