Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях сабраў у Наваполацку эрудытаў з Беларусі, Расіі і Латвіі

Международный турнир по интеллектуальным играм собрал в Новополоцке эрудитов из Беларуси, России и Латвии
Тры залікі, 72 каверзныя пытанні і бітва розумаў – дэбютны міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях «Наваполацкі кубак – 2019» быў азартным і напружаным.
 

Галоўны прыз заваявала расійская каманда «Джазец в тайге», у складзе якой гуляў Анатоль Васерман. Ва ўсіх трох заліках яна набрала найбольшую колькасць ачкоў, а таму перамогу безагаворачна прысудзілі групе знакамітага інтэлектуала.

За права называцца самымі эрудаванымі ў турніры змагаліся нашы суайчыннікі, госці з Расіі і Латвіі – усяго 17 каманд. Пляцоўкай для яго быў абраны Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Больш за ўсё каманд – вядома, з Беларусі. Свае інтэлектуальныя дружыны прадставілі ПДУ, «Палімір», ААТ «Віцебскія дываны», «Беларусбанк», «Беларуськалій», Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія.

 

 

 

 

 

Як распавёў старшыня аргкамітэта Аляксей Галкін, турнір уяўляў сабой спартыўную разнавіднасць «Што? Дзе? Калі?». Такая форма, у адрозненне ад гульняў элітарнага клуба, дазваляе адначасова адказваць на вялікую колькасць пытанняў і ўдзельнічаць амаль неабмежаванай колькасці груп. Дарэчы, у буйных сусветных турнірах па «ШДК» адначасова могуць гуляць да 90 каманд. І паколькі ў спартыўнай версіі пытанні для ўсіх адны і тыя ж, усе знаходзяцца ў роўных умовах, а таму перамога ў бітве розумаў лічыцца больш аб'ектыўнай.

Лідэр турніру атрымаў квоту на ўдзел у адборачным туры чэмпіянату свету па «Што? Дзе? Калі?» «Славянка-2020», які плануюць правесці ў Полацку ў канцы студзеня. Таксама гэтым правам можа скарыстацца мінская каманда «Легіянеры Баліварыі», адзначаная судзейскай камандай турніру.

Аляксей Галкін падкрэсліў, што галоўная мэта правядзення такіх спаборніцтваў – развіццё інтэлектуальных гульняў у міжнародным фармаце. Каманды імкнуцца цягнуцца за больш моцнымі супернікамі і ставяць перад сабой высокія мэты.

"Віцебскія весці". Фота Паліны Забела.