Міжнародны турнір па пляжным футболе плануецца праводзіць у Віцебску ў дні "Славянскага базару".
20 жніўня, Віцебск /Сяргей Качавет – БЕЛТА/. Міжнародны турнір па пляжным футболе "Кубак дружбы" плануецца зрабіць традыцыйным і праводзіць у дні фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". Аб гэтым журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, паведаміў старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Генадзь Нявыглас. Сёння ў Віцебску ён прыняў удзел у адкрыцці першага ў Беларусі міжнароднага турніру па пляжным футболе.
Ідэя будаўніцтва спецыялізаванага стадыёна па пляжным футболе і правядзення міжнароднага турніру ўзнікла сёлета. Пры абмеркаванні магчымых месцаў арганізацыі спаборніцтваў такога ўзроўню перавага аддадзена Віцебску перш за ўсё таму, што менавіта горад над Дзвіной стаў першапраходцам у культываванні пляжнага футбола, адзначыў кіраўнік АБФФ. Першапачаткова планавалася першы розыгрыш "Кубка дружбы" правесці ў дні "Славянскага базару", аднак каляндар Міжнароднай федэрацыі пляжнага футбола не дазволіў арганізаваць турнір у ліпені. "Сёння асацыяцыя вядзе перамовы, і мы спадзяёмся ўжо ў наступным годзе арганізаваць турнір у перыяд фестывалю мастацтваў і запрасіць большую колькасць каманд", – падкрэсліў Генадзь Нявыглас. Гэта дазволіць гасцям пазнаёміцца з развіццём пляжнага футбола ў Беларусі і адначасова даведацца больш пра краіну і яе культуру, дадаў ён.
Стадыён для пляжнага футбола ў Віцебску дазваляе праводзіць спаборніцтвы на самым высокім узроўні, адзначыў Генадзь Нявыглас. У бліжэйшы час падобныя аб'екты з'явяцца ў Мазыры і Гомелі. "Вядома, у пляжным футболе мы яшчэ вельмі маладыя, гэты від спорту пачаў развівацца крыху больш за два гады таму, калі была створана федэрацыя па пляжным футболе, але ў нашай каманды ўжо ёсць поспехі, і мы спадзяёмся, што рух наперад будзе", – сказаў кіраўнік асацыяцыі. Развіццё гэтага віду спорту дае магчымасць праявіць сябе не толькі прафесійным спартсменам, якія па розных прычынах пакінулі вялікі футбол, але і займацца ўсім без выключэння жыхарам краіны, дадаў ён.
На розыгрыш "Кубка дружбы" у абласным цэнтры сабраліся зборныя Беларусі, Літвы, Латвіі, Малдовы і каманда Калінінградскай вобласці (Расія). Першапачаткова ўдзельнікі разбіты на дзве групы. Па выніках групавога этапу вызначыцца дуэт фіналістаў, у які ўвойдуць пераможцы груп. Трэцяе месца разыграюць каманды, якія занялі ў групах другія месцы. Пераможцы і прызёры будуць узнагароджаны кубкамі і медалямі, лепшыя спартсмены па гульнявых амплуа таксама будуць заахвочаны памятнымі прызамі.
Стадыён для пляжнага футбола з трыбунамі на 450 месцаў размясціўся ў добраўпарадкаванай зоне адпачынку ў пойме ракі Віцьба ў цэнтральнай частцы горада. На яго ўзвядзенне было накіравана больш за Br1 млрд. Вялікую дапамогу гораду ў будаўніцтве аб'екта аказала Беларуская федэрацыя футбола.
Міжнародны турнір стаў своеасаблівай прэзентацыяй новага спартыўнага аб'екта. Стадыён увайшоў у комплекс спартзбудаванняў, якія створаны ў зоне адпачынку на Віцьбе. Тут таксама размясціліся поле са штучным пакрыццём для міні-футбола, пляцоўкі для гульні ў пляжны валейбол, баскетбол і тэнісны корт. Уздоўж берага Віцьбы завяршаецца пракладка лыжаролернай трасы працягласцю больш за 3 км.-0-