Міжнародны турнір па вольнай барацьбе памяці героя-падводніка Анатоля Испенкова сабраў у Віцебску больш за 200 юных атлетаў (+фота)

Международный турнир по вольной борьбе памяти героя-подводника Анатолия Испенкова собрал в Витебске более 200 юных атлетов (+фото)
На працягу некалькіх дзён у зале спартыўнай школы «Камсамолец» праходзіў XXV Міжнародны турнір па вольнай барацьбе памяці капітана III рангу Анатоля Іспенкова і загінулых членаў экіпажа падводнай лодкі “Камсамолец”.




Ураджэнец вёскі Хвастова Шумілінскага раёна служыў камандзірам электратэхнічнага дывізіёна БЧ-5 атамнай падводнай лодкі К-278 “Камсамолец”. У аварыйнай сітуацыі ён замяніў вахтэннага матроса, які страціў прытомнасць, ля дызельнага генератара і, выконваючы яго абавязкі, забяспечыў лодаку электрасілкаваннем, што дазволіла частцы экіпажа пакінуць яе. Наш зямляк выратаваў іншых цаной свайго жыцця. Прысутныя на цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў ушанавалі памяць падводніка хвілінай маўчання.

Як адзначыў галоўны суддзя турніру і яго арганізатар Анатоль Каваленка, школьны таварыш Анатоля Іспенкова, сёння сярод удзельнікаў аказалася больш за 200 юных атлетаў, якія прадстаўляюць нашу краіну, а таксама Расію і Латвію. Віцебскую вобласць прадстаўлялі гаспадары, а таксама хлопцы з Оршы, Сянна і Бешанковічаў.


Ад імя ўладаў удзельнікаў прывітаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін. Ён адзначыў, што фізкультура і спорт з'яўляюцца аднымі з прыярытэтных напрамкаў у развіцці сацыяльнай сферы нашай краіны. Гэта не толькі здароўе нацыі, але і павышэнне прэстыжу дзяржавы на міжнародным узроўні. Таксама турнір спрыяе развіццю інтэграцыйных працэсаў паміж брацкімі народамі.



Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў падкрэсліў, што спаборніцтва нясе не столькі спартыўны, колькі патрыятычны складнік. І

не трэба баяцца зацёртай фразы, што ў жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. У кожнага чалавека здараецца хвіліна, калі неабходна зрабіць выбар. Анатоль Іспенкоў, загінуўшы сам, выратаваў баявых таварышаў. Гэта найярчэйшы прыклад для нашага маладога пакалення. І для рабят турнір па вольнай барацьбе – гэта таксама ў нейкім плане жыццёвае выпрабаванне. Таму ён мае магутнае выхаваўчае значэнне, а таксама збліжае народы-суседзі з агульнай гісторыяй.

Пераможцы атрымалі кубкі, прызёры – сувеніры, у тым ліку ад спонсараў. Ад сябе прыз перадала і сястра героя Зінаіда Мацвееўна. Радуе, што камандную вікторыю святкавала дружына Віцебска, якой уручылі макет падводнай лодкі “камсамолец”. Кубкі за 2-е і 3-е месцы з'ехалі адпаведна ў Гродна і Гомель.

Алесь Бынькоў. Фота Дзмітрыя ВОСІПАВА. «Віцебскія весці».