Міжраённыя цэнтры па аказанні медыцынскай дапамогі працягваюць стварацца ў Віцебскай вобласці
– Мінулы год, безумоўна, выдаўся вельмі складаным. Віцебская вобласць першай прыняла ўдар і ўстала на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй. Многія падыходы, якія былі выкарыстаны ў рэспубліцы, адпрацоўваліся менавіта ў віцебскім рэгіёне. Сёння ж першая і асноўная задача – арганізацыя якаснай медыцынскай дапамогі. Са скарачэннем колькасці сельскага насельніцтва, якое абслугоўваецца цэнтральнымі раённымі бальніцамі, неабходна ствараць міжраённыя цэнтры, аказваць у іх якасную медыцынскую дапамогу, укамплектоўваць высокапрафесійнымі спецыялістамі і дакладна выбудоўваць маршрут пацыента, каб не было працяглых чаканняў у атрыманні меддапамогі. Тыя буйныя міжраённыя цэнтры, якія развіваюцца ў Полацку, Наваполацку і Оршы, павінны працаваць на перспектыву, думаць аб падрыхтоўцы кадраў, – падкрэсліла Алена Леанідаўна.
Стварэнне на Віцебшчыне міжраённых цэнтраў, дзе засяроджаны высокія тэхналогіі, кадравыя рэсурсы, закранула перш за ўсё кардыялагічную, неўралагічную і анкалагічную службы. Ужо зарэкамендавалі сябе міжраённыя цэнтры па аказанні дапамогі пацыентам з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту, рэнтгенэндаваскулярныя службы ў Віцебску, Оршы, Наваполацку. З гэтага года запрацавалі міжраённы цэнтр трамбалітычнай тэрапіі на базе Браслаўскай ЦРБ, міжраённы скрынінгавы цэнтр па выяўленні анкапаталогій на базе Аршанскай цэнтральнай паліклінікі.
Цяпер назрэла неабходнасць цэнтралізацыі службы хуткай медыцынскай дапамогі. Першым крокам у гэтым напрамку стала перайменаванне Віцебскай гарадской станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі ў установа аховы здароўя «Віцебскі абласны цэнтр хуткай медыцынскай дапамогі».
Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі, цяпер распрацоўваецца план мерапрыемстваў па рэарганізацыі і перааснашчэнні дадзенай службы. Ён прадугледжвае функцыянаванне галаўной установы хуткай медыцынскай дапамогі і стварэнне міжраённых цэнтраў, якія ўваходзяць у яго структуру, першы з якіх з'явіцца да 1 ліпеня ў Віцебску шляхам далучэння да гарадской службы аддзяленняў Гарадоцкага, Шумілінскага, Лёзненскага, Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў. Для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ў аддзяленнях будуць выкананы рамонтныя работы, а таксама закуплены 14 аўтамабіляў хуткай, укамплектаваных неабходным медыцынскім абсталяваннем. Затым аналагічныя цэнтры плануецца адкрыць у Оршы, Полацку і Глыбокім.
Такія падыходы ў арганізацыі работы службы «103» дазволяць цэнтралізаваць прыём і перадачу выклікаў, адзіная аўтаматызаваная сістэма кіравання дапаможа ажыццяўляць якасны аналіз аказваемай дапамогі, аддалена адсочваць рэальную аператыўную сітуацыю ў кожным раёне. Усё гэта ў выніку павінна павысіць якасць аказання хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах.
Працягне рух па новым шляху і амбулаторна-паліклінічная служба. Пандэмія крыху замарудзіла працу па паэтапным пераходзе на аказанне першаснай медыцынскай дапамогі ўрачамі агульнай практыкі. Пры гэтым на пачатак года ў вобласці падрыхтаваны 301 урач агульнай практыкі. За 2021 год плануецца сфарміраваць каманды ўрачоў агульнай практыкі з ахопам насельніцтва не менш за 40%.
Пра эфектыўнасць дадзенай новацыі ў рэальным жыцці сведчыць той факт, што на тэрапеўтычных участках, дзе працуюць доктары новага фармату, скарачаецца колькасць выклікаў хуткай, шпіталізацый пацыентаў з хранічнымі захворваннямі і зваротаў да вузкіх спецыялістаў. Больш таго, урачы агульнай практыкі падключаюцца да скрынінгавых праграм па раннім выяўленні цукровага дыябету, анкапаталогій, хвароб сістэмы кровазвароту.
Акрамя таго, на Віцебшчыне працягваецца рэалізацыя рэспубліканскага праекта па стварэнні «клапатлівых паліклінік», ён паспяхова ўкаранёны ў абласным цэнтры, Оршы, Полацку, Верхнядзвінску, Сянне і Навалукомлі.
Ахова здароўя паўночнага рэгіёну пастаянна ўдасканальваецца. Клінікі паступова перааснашчаюцца, укараняюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння, высокатэхналагічная дапамога, якая некалі была даступная толькі ў абласным цэнтры, становіцца ўсё бліжэй да сельскага жыхара. Не менш важнае пытанне кадравага забеспячэння, асабліва за межамі Віцебска. Калі ў цэлым адток медыцынскіх кадраў па вобласці знізіўся, то менавіта з урачамі сітуацыя неадназначная.
– Калі малады спецыяліст пасля ВНУ прыехаў на перыферыю па размеркаванні, і яму не створаць неабходныя ўмовы, то ён, адпрацаваўшы належны тэрмін, з'едзе. Закрэпленне кадраў – гэта таксама кампетэнцыя мясцовых органаў улады, таму хацелася б, каб галоўныя ўрачы медыцынскіх устаноў больш цесна ўзаемадзейнічалі па гэтым пытанні з райвыканкамамі, інфармавалі па кадравым забеспячэнні, – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін.
Ну а тыя медыкі Віцебшчыны, якія на справе пацвердзілі свой прафесіяналізм, вернасць абранай справе і роднаму рэгіёну, удастоены ўзнагарод ад Міністэрства аховы здароўя Беларусі, аблвыканкама, аблздароўя і Віцебскага дзяржмедуніверсітэта. Некалькі чалавек адзначаны знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».
Таксама ў рамках калегіі падведзены вынікі абласнога агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2020 год. Лепшай цэнтральнай раённай бальніцай стала Пастаўская ЦРБ, лепшай участковай – Бабініцкая ўчастковая бальніца Віцебскай гарадской паліклінікі №7. Лепшая ўрачэбная амбулаторыя знаходзіцца ў вёсцы Камень (Лепельскі р-н). Сярод фельчарска-акушэрскіх пунктаў найвышэйшую ацэнку атрымаў Панізоўскі ФАП, што на Полаччыне. У намінацыі «Лепшы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» першае месца падзялілі Аршанскі ЗЦГіЭ і Браслаўскі РЦГіЭ.