Міжраённы медыцынскі цэнтр плануецца стварыць на базе Глыбоцкай ЦРБ
– Канцэпцыя арганізацыі падобных спецыялізаваных цэнтраў з'яўляецца актуальнай, – падкрэсліў міністр. – Задача складаецца ў тым, каб пры неабходнасці была магчымасць на працягу гадзіны даставіць пацыента з таго ці іншага населенага пункта ў высокаспецыялізаваны медыцынскі цэнтр, дзе можна, напрыклад, зрабіць камп'ютарную тамаграфію, магнітна-рэзанансную тамаграфію, ангіяграфію.
Размова таксама ідзе аб аказанні высокакаштоўнай дапамогі пацыентам з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, анкалогіяй, пацыентам хірургічнага профілю і гэтак далей. Дадзеная канцэпцыя паспяхова рэалізуецца ў краіне. У асобных лячэбных установах ужо закупляецца, мантуецца неабходнае абсталяванне, а дзесьці яшчэ вызначаецца месца для яго ўстаноўкі.
У гутарцы са старшынёй Глыбоцкага райвыканкама Аляксандрам Шубскім Уладзімір Каранік падкрэсліў, што, улічваючы выгаднае геаграфічнае становішча райцэнтра, наяўныя рэсурсы, Глыбоцкая ЦРБ разглядаецца як перспектыўная бальніца для ўстаноўкі сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання.
– Ёсць усе перадумовы для пашырэння магчымасцей дыягнастычнага і хірургічнага профілю. На дадзены момант пацыентаў паўночна-заходніх рэгіёнаў Віцебскай вобласці пераважна накіроўваюць у абласны цэнтр. Лічу магчымым стварэнне апорнай бальніцы ў Глыбокім. Калі будзе прынята канчатковае рашэнне па выбары пляцоўкі, пачнуцца будаўніча-мантажныя работы. Закупка дарагога абсталявання прадугледжана за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Уладзімір Каранік абмеркаваў з Аляксандрам Шубскім пытанні, якія тычацца развіцця сістэмы аховы здароўя ў рэгіёне, планаванага правядзення рамонтных работ у акушэрскім аддзяленні і замены ліфтаў у ЦРБ. Пасля гэтага Уладзімір Сцяпанавіч разам з начальнікам галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаілам Вішневецкім і галоўным урачом ЦРБ Вячаславам Сабынічам наведаў аддзяленні бальніцы, асаблівую ўвагу надаўшы пытанням лячэння пацыентаў з пнеўманіяй і каранавіруснай інфекцыяй.
У Віцебскай вобласці назіраецца зніжэнне эпідэміялагічнага працэсу. Аднак гэта не нагода для самазаспакаення, медыцынскія работнікі павінны па-ранейшаму працаваць у гэтак жа інтэнсіўным рэжыме, зладжана і эфектыўна, адзначыў Уладзімір Каранік. Пры гэтым ён падкрэсліў, што лячэбныя ўстановы паступова вяртаюцца да звычайнага рэжыму функцыянавання.
– Рэгулярна наведваю раёны Віцебскай і іншых абласцей, каб асабіста пракантраляваць эфектыўнасць прымаемых мер. Сёння, напрыклад, акрамя Глыбокага, у мяне запланаваны Браслаў і Мёры, а мае намеснікі Барыс Андрасюк, Алена Богдан наведваюць лячэбныя ўстановы Магілёўскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцей, – адзначыў Уладзімір Каранік у гутарцы з журналістамі. – Наведваем раёны, якія ў тым ліку маюць невысокія лічбы па захваральнасці на COVID-19. Правяраем, наколькі яны гатовыя да магчымага эпідпрацэсу, як арганізавана праца, у тым ліку па раздзяленні патокаў пацыентаў з тэмпературай і тых, хто звярнуўся ў паліклініку па іншых прычынах.
Улічваючы паляпшэнне надвор'я, непазбежны прыток адпачывальнікаў на Браслаўскія азёры, у Мёры, а гэта, па словах міністра, можа паслужыць прычынай росту выпадкаў захворванняў, і не толькі звязаных з каранавіруснай інфекцыяй. Лячэбныя ўстановы павінны быць гатовыя да аказання ўсіх відаў медыцынскай дапамогі.