Міфічны цмок прэтэндуе на званне турыстычнага брэнда Лепельшчыны

Беларускі Цмок, які паходзіць ад Змея Гарыныча, можа стаць сімвалам Лепельскага краю. Міні-праект па стварэнні турыстычнага брэнда раёна прэтэндуе на атрыманне фінансавай падтрымкі праграмы ЕС "Вада, прырода, людзі ў ландшафце, які знікае: развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА менеджэр праекта ў Лепельскім раёне Вольга Махоненка.

У беларускай міфалогіі цмок, ён жа смок, ён жа чмок, з'яўляўся гаспадаром зямных і нябесных вод, таму месцам яго пражывання былі балоты і азёры, а сімвалам - вясёлка. Пра цмокаў можна прачытаць у рамане Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Менавіта ў класіка напісана, што месцам пражывання апошняга беларускага цмока было адно з лепельскіх азёр. Вось і вырашылі на Лепельшчыне, што турыстычным сімвалам раёна па праву можа лічыцца гэта легендарная істота. Да таго ж, у адрозненне ад рускага сваяка Змея Гарыныча, у беларускага цмока характар быў куды больш пакласцісты: ад яго даставалася толькі п'яніцам, хуліганам ды распусніцам, а вось сямейныя пары, якія жывуць у любові і згодзе, маглі разлічваць на яго падтрымку.

Як адзначыла Вольга Махоненка, у цяперашні час міфалагічная тэматыка ў турызме вельмі папулярная ў Еўропе, і, узяўшы за аснову персанажа старажытных легенд, можна распрацаваць турыстычныя маршруты па яго пошуку і прыцягнуць у раён нямала аматараў экзотычнага адпачынку. Да восені ў Лепелі спадзяюцца пры падтрымцы еўрапейскага праекта паставіць скульптурную кампазіцыю цмока.

Намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Мікалай Нікіцін распавёў, што ўстаноўка скульптурнай кампазіцыі міфічнаму змею ў Лепелі актыўна абмяркоўваецца ў раёне. Адны падтрымліваюць ініцыятыву і не бачаць нічога дрэннага ў тым, каб цмок стаў брэндам Лепельскага краю, іншыя, у прыватнасці вернікі, асцерагаюцца адраджэння язычніцкіх божастваў. "Між тым міфалогія - гэта частка нацыянальнай культуры, якую неабходна ведаць і з карысцю прымяняць", - лічыць Мікалай Нікіцін.

Праект "Людзі ў ландшафце, які знікае: развіццё агратурызму Беларусі і Расіі" накіраваны на развіццё турызму і аграэкатурызму і прыцягненне да гэтага працэсу мясцовых супольнасцей. Ён ахоплівае тэрыторыі Лепельскага раёна (уключаючы Бярэзінскі біясферны запаведнік) у Беларусі, а таксама Палескага раёна (і запаведнік "Куршская каса") Калінінградскай вобласці Расіі.

На рэалізацыю праекта ЕС выдзяляе больш за паўмільёна еўра. Сродкі пойдуць на развіццё турыстычных маршрутаў, падтрымку сеткі аграсядзіб, правядзенне семінараў па абмене вопытам, стажыровак у Галандыі. Мяркуецца, што ў кожным раёне - удзельніку праграмы будзе створана па адной мадэльнай аграэкасядзібе, прыклад працы якіх стане асновай для тых, хто ўступае ў новы бізнес.

 

БЕЛТА