Міфічны цмок стане брэндам Лепельскага краю
Цмок - беларускі цмок стане сімвалам Лепельскага краю. Міні-праект па стварэнні турыстычнага брэнда раёна атрымаў фінансавую падтрымку праграмы ЕС "Вада, прырода, людзі ў ландшафце, які знікае: развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі", расказала карэспандэнту БЕЛТА менеджэр праекта ў Лепельскім раёне Вольга Махоненка.
У беларускай і польскай міфалогіі цмок з'яўляўся гаспадаром зямных і нябесных вод, таму месцам яго пражывання былі балоты і азёры, а сімвалам - вясёлка. Пра цмокаў можна прачытаць у вядомага беларускага этнографа Мікалая Нікіфароўскага, пра іх згадваў даследчык культуры славянскіх народаў Аляксандр Афанасьеў. Аднак найбольшую вядомасць цмокі атрымалі дзякуючы раману Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Менавіта ў класіка напісана, што месцам пражывання апошняга беларускага цмока было адно з лепельскіх азёр. Вось і вырашылі на Лепельшчыне, што турыстычным сімвалам раёна па праву можа лічыцца гэта легендарная істота. Да таго ж у адрозненне ад рускага сваяка Змея Гарыныча і заходнееўрапейскага Цмока ў беларускага цмока характар быў куды больш пакласцісты: ад яго даставалася толькі п'яніцам, хуліганам ды распусніцам, а вось сямейныя пары, якія жывуць у любові і згодзе, маглі разлічваць на яго падтрымку.
Скульптурны вобраз лепельскага цмока будзе адпавядаць апісанню Уладзіміра Караткевіча: пачвара з цюленьім тулавам і галавой ці то змяі, ці то лані. Па словах Вольгі Махоненкі, усе неабходныя дакументы на ўстаноўку скульптуры літаратурнага персанажа ўзгоднены ў Міністэрстве культуры. Як чакаецца, двухметровая кампазіцыя з'явіцца ў Лепелі ў верасні гэтага года на Дзень горада.
Аднак толькі стварэннем помніка цмоку ў Лепелі не маюць намеру абмяжоўвацца. Як толькі скульптура будзе ўстаноўлена, яе тыражаваннем у выглядзе сувеніраў зоймуцца мясцовыя майстры народных промыслаў. Раённы краязнаўчы музей, вывучыўшы нямала фальклорных матэрыялаў, ужо стварыў анімацыйную гульню "У гасцях у цмока".
Праект "Людзі ў ландшафце, які знікае: развіццё агратурызму ў Беларусі і Расіі" накіраваны на развіццё турызму і аграэкатурызму і прыцягненне да гэтага працэсу мясцовых супольнасцей. Ён ахоплівае тэрыторыі Лепельскага раёна (уключаючы Беразінскі біясферны запаведнік) у Беларусі, а таксама Палескага раёна (і запаведнік "Куршская каса") Калінінградскай вобласці Расіі.
На рэалізацыю праекта ЕС накіроўвае больш за паўмільёна еўра. Сродкі будуць накіраваны на развіццё турыстычных маршрутаў, падтрымку сеткі аграсядзіб, правядзенне семінараў па абмене вопытам, стажыроўкі ў Галандыі. Мяркуецца, што ў кожным раёне – удзельніку праграмы будзе створана па адной мадэльнай аграэкасядзібе, прыклад працы якіх стане асновай для тых, хто ўступае ў новы бізнес.