Міліцыя Беларусі і Расіі створыць у 2010 годзе на трасе Масква-Мінск бяспечны калідор
4 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міліцыя Беларусі і Расіі створыць у 2010 годзе на трасе Масква-Мінск бяспечны калідор. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік УУС па Смаленскай вобласці Юрый Сцерлікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект "Бяспечны калідор" прадугледжвае арганізацыю работы падраздзяленняў міліцыі Беларусі і Расіі на трасе Масква-Мінск на каналах з аднолькавымі радыёчастотамі, а таксама пастаянную сувязь паміж памежнымі райаддзеламі. "Гэта дазволіць нам аператыўна інфармаваць адзін аднаго аб учыненых правапарушэннях і рэагаваць на здарэнні на суседніх тэрыторыях", - растлумачыў Юрый Сцерлікаў.
Работа па рэалізацыі праекта вядзецца, на гэтыя мэты выдзелены сродкі. "На наступны год гэтае пытанне плануецца закрыць", - адзначыў начальнік УУС па Смаленскай вобласці.
Прэс-канферэнцыя праводзілася ў рамках двухдзённай рабочай нарады кіруючага складу органаў унутраных спраў Смаленскай, Пскоўскай абласцей, Маскоўскага, Паўночна-Заходняга УУС на транспарце ДДПТ МУС Расіі і Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей, органаў унутраных спраў на транспарце МУС Беларусі. Мерапрыемства прысвячалася пытанням павышэння эфектыўнасці памежнага супрацоўніцтва ведамстваў дзвюх дзяржаў у барацьбе са злачыннасцю, абмену перадавымі формамі і метадамі работы па розных напрамках.-0-