Міліцыя будзе суправаджаць перапісчыкаў па «неспрыяльных адрасах».
Адна з задач міліцыі на час маючага адбыцца перапісу - забяспечыць бяспеку перапісчыкаў. "З гэтай мэтай пры наведванні "няблаганадзейных адрасоў" іх будуць суправаджаць праваахоўнікі. Гаворка ідзе аб кватэрах і дамах, дзе пражываюць грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, схільныя да здзяйснення злачынстваў, злоўжываюць спіртным і гэтак далей", - праінфармавалі ў МУС.
Напярэдадні перапісу міліцыя просіць грамадзян не ўпускаць да сябе перапісчыкаў, калі ў іх не будзе пры сабе ўсіх неабходных атрыбутаў (планшэт і сумка са спецыяльным лагатыпам) і дакументаў (пасведчанне і пашпарт), каб пазбегнуць магчымага махлярства. У выпадку сумневаў можна патэлефанаваць па адзіным нумары 8-801-100-31-31 (з любога тэлефона званок бясплатны), паведаміць даныя перапісчыка і пераканацца, што гэты чалавек мае права праводзіць апытанне.
Як паведамлялася, з 4 па 30 кастрычніка ў краіне пройдзе перапіс насельніцтва пад лозунгам "Погляд на цяперашняе - крок у будучыню". Рэспандэнтам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку аб асноўных дэмаграфічных і нацыянальна-этнічных характарыстыках, міграцыйнай актыўнасці, адукацыі, крыніцах сродкаў да існавання, занятасці, колькасці дзяцей, жыллёвых умовах, гаспадарчай дзейнасці.
Перапісацца можна будзе адным з трох спосабаў: самастойна і ў зручны час запоўніць анкетныя лісты праз інтэрнэт, на стацыянарных участках, у сябе дома падчас вуснага апытання перапісчыка. Інфармацыю аб адрасах стацыянарных участкаў можна будзе знайсці на сайце Белстата. Перапіс праз інтэрнэт стане зручным спосабам для беларусаў, якія часова знаходзяцца за мяжой (калі чалавек пражывае менш за год за межамі краіны, перапісацца ён абавязаны, але гэта могуць зрабіць за яго і дарослыя сваякі).
У сукупнасці ўсе новыя падыходы да правядзення перапісу дапамогуць скараціць у тры разы колькасць перапіснога персаналу, амаль столькі ж разоў паменшыць час запаўнення перапіснога ліста. І, вядома, павысіць якасць працэдур. Дапаможа пры правядзенні перапісу і спецыяльны кол-цэнтр, у які з 1 кастрычніка можна звярнуцца з любымі пытаннямі па тэме. Ужо працуе промасайт перапісу па адрасах www.перепись.бел і www.census.by, дзе можна азнаёміцца з данымі кампаніі 2009 года і знайсці карысную інфармацыю і парады аб маючай адбыцца падзеі.
Першую інфармацыю аб колькасці насельніцтва Белстат прадаставіць у лютым 2020 года. Разгорнутую па сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках, у тым ліку фактычнай беспрацоўнасці, - у ліпені 2020 года, а інфармацыю па самай складанай частцы анкеты - дзейнасці насельніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі - у ліпені 2021 года.