Міліцыя Віцебскай вобласці арганізуе на сваім сайце прыём паведамленняў аб фактах парушэння ПДР

УВД Віцебскага аблвыканкама прапрацоўвае пытанне аб стварэнні на афіцыйным сайце ўпраўлення магчымасці атрымліваць паведамленні аб фактах парушэння Правілаў дарожнага руху.

Мяркуецца, што на сайце з'явіцца асобны банэр з адрасам электроннай пошты, на якую можна будзе адпраўляць такія паведамленні з прымацаванымі візуальнымі матэрыяламі. А каб заяўнікі афармлялі электронныя лісты ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян, побач размесціцца адпаведная памятка. На падставе зваротаў у найкароткія тэрміны будуць прымацца меры адміністрацыйнага спагнання.

Гэта і іншыя прапановы былі агучаны падчас круглага стала, які начальнік абласной міліцыі Віктар Сянько правёў ва УУС з удзелам кіроўцаў мотатранспарту. Пасля рэзананснага ДТЗ у абласным цэнтры, у якім пад коламі спартыўнага байка загінула маладая сямейная пара і сам кіроўца, упраўленне ДАІ і ўсё УУС Віцебскага аблвыканкама звярнулі асаблівую ўвагу на гэтых удзельнікаў дарожнага руху.

Кіроўцы мотатранспарту дзяліліся сваімі заўвагамі, напрыклад, наракалі на абмежаванне хуткаснага рэжыму і звярнуліся з прапановай перагледзець часавыя рамкі дзеяння дарожных знакаў, якія забараняюць рух мотацыклістаў па цэнтральных вуліцах горада. Разам з тым яны заявілі аб сваёй гатоўнасці прадастаўляць запісы сваіх відэарэгістратараў у абласное ДАІ для прыцягнення парушальнікаў да адказнасці.

Таксама перад пачаткам мерапрыемства каля 50 матацыклістаў праверылі свае веды Правілаў дарожнага руху. "Усім запрошаным было прапанавана паўдзельнічаць у ананімным анкетаванні па выяўленні агрэсіўных паводзін на дарозе. Вынікі апытання паказалі, што 71% тэстуемых паводзіць сябе агрэсіўна ў адносінах да іншых удзельнікаў дарожнага руху. Аднак 98% кіроўцаў пры ўзнікненні канфліктных сітуацый лічаць, што віна павінна размяркоўвацца пароўну паміж усімі ўдзельнікамі канфлікту. Што тычыцца праверкі ведаў ПДР, то асноўная маса тых, хто прыняў удзел у тэсціраванні, ужо на першых пытаннях рабіла памылку, што ў наступным прыводзіла да неабнадзейлівага выніку. Усяго каля 12% здалі тэарэтычны экзамен", - дадаў прэс-афіцэр УУС Аляксандр Казючыц.

Кацярына Князева, БЕЛТА.