Міліцыя Віцебскай вобласці шукае зніклага 10-гадовага хлопчыка

26 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праваахоўныя органы Віцебскай вобласці шукаюць дзесяцігадовага хлопчыка, які прапаў у Полацку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік крымінальнага вышуку Полацкага ГАУС Сяргей Макоўскі. Паведамленне аб знікненні дзіцяці паступіла 19 сакавіка. Уладзіслаў Рагоўскі ў 15.30 сышоў са школы, дзе вучыўся, і да гэтага часу яго месцазнаходжанне не вядома. Праваахоўныя органы Полацка і бліжэйшых раёнаў робяць усё магчымае, каб знайсці хлопчыка. Складзены яго псіхалагічны партрэт, апытаныя сваякі і сябры. Пошук вядзецца таксама сярод асоб без пэўнага месца жыхарства і асоб цыганскай нацыянальнасці. Аб'явы аб знікненні Уладзіка развешаны па горадзе. Па словах Сяргея Макоўскага, пакуль версіі аб крымінальнай прычыне знікнення Уладзіка або аб няшчасным выпадку з ім не знаходзяць пацверджання. Да таго ж у міліцыю паступаюць званкі аб тым, што дзіця са схожымі прыкметамі бачылі ў тым ці іншым месцы. Незадоўга да здарэння Уладзік самастойна на аўтастопем дабраўся да сваёй бабулі, якая жыве ў суседнім Расонскім раёне, прыкладна за 40 км ад Полацка. Зрабіў ён гэта пасля таго, як мама паскардзілася на яго дрэнныя паводзіны ў школе і сказала, што не павязе да бабулі на выхадныя. У той раз усё абышлося шчасліва, уцекача знайшлі. У дзень, калі хлопчык не вярнуўся дадому, у яго школьным дзённіку зноў з'явілася заўвага аб дрэнных паводзінах, а праз некалькі дзён ён павінен быў разам з мамай на выхадныя ехаць да бабулі. У міліцыі не выключаюць, што пагроза не патрапіць да яе магла падштурхнуць хлопчыка да самастойнага падарожжа. Уладзік Рагоўскі жыве з мамай. Сям'я не стаіць на ўліку як неспрыяльная.-0-