Міліцыя Віцебскай вобласці ўсталюе відэакамеры ў шматпавярховіках
На Віцебшчыне міліцыя ініцыюе ўстаноўку відэакамер у пад'ездах шматкватэрных жылых дамоў і на прылеглай тэрыторыі для прафілактыкі крадзяжоў і іншых злачынстваў і іх расследавання. Пра гэта паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама.
Крабяжы пераважаюць у структуры злачынстваў, пры гэтым у першым паўгоддзі бягучага года 91,8% выпадкаў склалі крадзяжы прыватнай уласнасці, у тым ліку 42,8% - з жылля і дачных домаўладанняў грамадзян. Каб такіх фактаў было менш, праваахоўнікі імкнуцца ўкараняць сучасныя формы і метады прафілактыкі крадзяжоў і расследавання іх па гарачых слядах. У прыватнасці, апошнім часам прапануецца больш шырока выкарыстоўваць у гэтых мэтах сістэмы відэаназірання, для абсталявання якіх прыцягваць у тым ліку ў парадку далевага ўдзелу сродкі грамадзян, уласнікаў будынкаў і збудаванняў. Органы ўнутраных спраў правялі з пачатку года ўжо 210 агітацыйных мерапрыемстваў, у выніку якіх камерамі абсталявана 32 пад'езды жылых дамоў.
Таксама ў адрас дырэктараў прадпрыемстваў ЖКГ, старшынь таварыстваў уласнікаў мясцовымі органамі ўлады накіравана інфармацыя аб магчымасці абсталявання прыдамавой тэрыторыі шматкватэрных жылых дамоў камерамі відэаназірання. У выніку 120 камер ужо ўстаноўлена.
"Больш за год на тэрыторыі Віцебска працуе таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое займаецца абсталяваннем уваходных дамафонных дзвярэй пад'ездаў сістэмамі відэаназірання, размяшчае камеры на лесвічных клетках і на ўваходах у пад'езды. Пры гэтым кошт такіх паслуг нічым не адрозніваецца ад платы за звычайны дамафон", - адзначылі спецыялісты аддзялення. Яны прывялі прыклад, як у гэтым годзе ў доме 103 па Маскоўскім праспекце ў Віцебску дадзенай арганізацыяй у кожным пад'ездзе было ўстаноўлена па 3 камеры відэаназірання. Цяпер жыхары, не баячыся за сваю маёмасць, пакідаюць там не толькі ровары, але і дзіцячыя каляскі. Акрамя таго, на пляцоўках лесвічных клетак захоўваюцца чысціня і парадак.
Усяго ў Віцебску дадзенай арганізацыяй устаноўлена 89 камер відэаназірання на 13 шматкватэрных дамах, унутры пад'ездаў і на прыдамавой тэрыторыі. У Оршы 5 дамоў аснашчаны сістэмай відэаназірання.
Карысць ад відэакамер у грамадскіх месцах пацвярджаецца шматлікімі фактамі раскрытых злачынстваў. Напрыклад, у Оршы ў гэтым годзе ўдалося затрымаць эксгібіцыяніста, які здзейсніў хуліганскія дзеянні ў дачыненні да непаўналетняй, выкрадальніка жаночай сумачкі і яшчэ некалькіх злодзеяў банкаўскіх картак.
Кацярына Князева, БЕЛТА