Міліцыянт-хабарнік затрыманы ў Дубровенскім раёне

26 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міліцыянер-хабарнік затрыманы ў Дубровенскім раёне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік следчага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Валерый Забаўскі. Супрацоўнік праваахоўных органаў атрымаў $150 ад арганізатара незаконнага вывазу чорнага металу з Беларусі ў Расію за няўказанне ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні наяўнасці грузу. Такім чынам уладальнік хацеў атрымаць мінімальны штраф за сваё правапарушэнне ў судзе і захаваць 4 т чорнага металу. За атрыманне хабару ў дачыненні да 30-гадовага мужчыны пракуратурай Віцебскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 430 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці. Сесці на лаву падсудных у сувязі з гэтым інцыдэнтам давядзецца яшчэ аднаму супрацоўніку праваахоўных органаў, дадаў Валерый Забаўскі. Так, за падбухторванне да дачы хабару ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да інспектара ДПС ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама, які і рэкамендаваў кантрабандысту "патрэбнага" чалавека.-0-