Міні-футбольны клуб «ВІТЭН» стаў уладальнікам Суперкубка Рэспублікі Беларусь

Спаборнікам каманды РУП «Віцебскэнерга» ў барацьбе за прэстыжны трафей выступіў дзеючы чэмпіён краіны — «Лідсельмаш». Ужо на 17-й хвіліне першага тайма лік на табло лідскага спорткомплекса «Алімпія» змяніўся — голам адзначыўся «энергетык» Арцём Козел. За імгненне да перапынку гаспадары пляцоўкі адказалі дакладным ударам Уладзіміра Жыгалкі.

Здавалася б, падобная памылка павінна зламаць маральныя якасці гасцей, але ў выніку выйшла інакш: аршанцы пайшлі наперад і дамагліся свайго. Сяргей Сілівончык моцна прабіў з левага краю пляцоўкі, і мяч ад нагі галкіпера заляцеў у сетку. «Лідсельмаш» пачаў прэсінгаваць суперніка, але прапусціў хуткую атаку, якую завяршыў Антон Гусакоў. За пяць хвілін да заканчэння асноўнага часу матча падапечныя Віктара Тарчыла перайшлі на гульню ў пяць палявых (здымалі галкіпера). Выдатную магчымасць скараціць адставанне ў ліку ўпусціў У. Жыгалка, з паўметра прабіўшы міма. З пенальці, прызначанага за гульню рукой, Арцём Рось інтрыгу ў матчы аднавіў, але ў выніку перамогу святкаваў «Вітэн» — 3:2!

— Футбольнае шанцаванне сёння было на нашым баку. На пляцоўцы сустрэліся аднолькавыя па ўзроўні каманды, але ўдача ўсміхнулася нам. Мяч, прапушчаны за паўсекунды да перапынку, нас не зламаў. Падтрымаць каманду прыехала армія заўзятараў, якая, на жаль, заглушыла маю падказку. Трэба было трымаць цэнтральную зону, але наш футбаліст яе не пачуў і адпрацаваў так, як мы дамаўляліся перад гульнёй. Нічога страшнага, працягнулі гуляць далей, тым больш фізічна мы выглядалі нядрэнна. Каманда «жыла» гэтым матчам цэлы месяц. Трафей надасць нам упэўненасці ў сабе, дадасць добрага настрою, — пракаментаваў перамогу галоўны трэнер «Вітэна» Аляксей Попаў. 

Характэрна, што Суперкубак заставаўся адзіным рэспубліканскім турнірам, які да гэтага часу не выйгравалі «энергетыкі». Да гэтага галіновай камандзе Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь тройчы скаралася Кубак краіны і столькі ж разоў — нацыянальны чэмпіянат. У сезонах 2007/08—2008/09 яна прадстаўляла Навалукомаль, у сезонах 2009/10—2010/11 — Оршу, з сезона 2011/12 — Віцебск, з сезона 2016/17 — зноў Оршу. Дамашнія матчы «Вітэн» праводзіць у адкрытым у райцэнтры два гады таму спартыўным комплексе «Алімпіец».

"Віцьбічы".