Міні-трактары МТЗ, навеснае абсталяванне да іх і фірменныя запчасткі цяпер можна набыць і ў Віцебску
Рэканструкцыя адміністрацыйна-бытавога памяшкання з мэтай размяшчэння тут гандлёвага аб'екта прадпрыемствам выканана менш чым за паўгода. За кошт уласных сродкаў заводам праведзены не толькі будаўнічыя работы, але і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
У мінулую суботу ўвечары тут адбылося ўрачыстае адкрыццё крамы з удзелам заводчан. Традыцыйную цырымонію пераразання чырвонай стужачкі правялі першы намеснік старшыні гарвыканкама Валянцін Цвяткоў і дырэктар Віцебскага завода трактарных запасных частак Алег Шымчанка. Звяртаючыся да ўсіх удзельнікаў падзеі з віншаваннем, Валянцін Мікалаевіч адзначыў, што адкрыццё фірменнай крамы — факт значны, паколькі для вяскоўцаў здымаецца праблема пакупкі праз пасрэднікаў арыгінальных якасных дэталяў і запчастак для трактарнай тэхнікі.
Сапраўды, па распараджэнні кіраўніцтва «МТЗ-холдынг» фірменны гандаль запчасткамі арганізуецца ва ўсіх абласцях для прасоўвання арыгінальнай прадукцыі, якая вырабляецца падраздзяленнямі аб'яднання.
Як падкрэсліў Алег Шымчанка, крама віцебскага завода стала першым у вобласці і трэцім у рэспубліцы гандлёвым прадпрыемствам з адпаведным асартыментам прадукцыі, які гарантуе якасць запчастак і вырабаў, што прадаюцца.
— Кожны кліент можа быць упэўнены, што купляе фірменную запчастку ад вытворцы, які пастаўляе дэталі і вузлы на галоўны зборачны канвеер МТЗ. А значыць, яны выраблены строга па тэхналогіі, прайшлі ўсе стадыі кантролю і паслужаць даўгавечнасці тэхнікі маркі «Беларус», павялічаць міжрамонтны перыяд трактароў, — падкрэсліў Алег Вячаслававіч. — Гарантыя якасці — такая стаўка была зроблена першапачаткова пры адкрыцці фірменных крамаў. І яшчэ важна, што для сельгасвытворцы цана на тэхніку становіцца даступней.
Крама ВЗТЗЧ — гэта два залы агульнай плошчай 120 квадратных метраў, на якіх прадстаўлена больш за 500 найменняў прадукцыі МТЗ, заводаў у Бабруйску,
Мазыры, Смаргоні, Хойніках і іншых падраздзяленняў холдынгу. Акрамя міні-трактароў, дэталяў маторнай групы і кабін, каробак перадач і іншай тэхнікі і дэталяў, тут у продажы спецадзенне, а таксама тавары народнага спажывання, у тым ліку інструменты з чыгуналіцця, якія незаменныя для гаспадароў прысядзібных участкаў, сувенірная прадукцыя.Пры фірменным магазіне абсталяваны невялікі склад, яшчэ адно складское памяшканне знаходзіцца на тэрыторыі завода, але асноўная база тавараў — у Мінску.
Фірменны магазін у бліжэйшы час пачне працаваць і па заяўным прынцыпе — пад заказ спажыўца, які зможа азнаёміцца з вырабамі ў каталогу або на сайце прадпрыемства, прычым вытворца гарантуе аператыўную пастаўку.
У магазіне завода трактарных запчастак зараз працуюць чатыры прадаўца-кансультанта, яны з'яўляюцца адначасова спецыялістамі аддзелаў прадпрыемства. І гэта немалаважна, паколькі кансультанты валодаюць усёй неабходнай інфармацыяй па прадукцыі, якая вырабляецца.
Наталля КРУПІЦА. Фота Алега КЛІМОВІЧА. «Віцьбічы».