Міністэрствы культуры Беларусі і Латвіі падпісалі праграму супрацоўніцтва на 2013-2015 гады
Праграма супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Латвіі на 2013-2015 гады падпісана сёння ў Рызе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Подпісы пад дакументам паставілі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў і міністр культуры Латвіі Жанета Яунземе-Грэнде.
Праграма з'яўляецца працягам Пагаднення паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Латвійскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне культуры і мастацтва ад 18 красавіка 2002 года.
Барыс Святлоў адзначыў, што новы дакумент - больш канкрэтны. У ім па артыкулах распісана асноўная дзейнасць, а таксама пазначаны канкрэтныя ўстановы культуры, паміж якімі міністэрствы дзвюх краін будуць дапамагаць наладжваць кантакты. "Фундамент нашых культурных узаемаадносін быў закладзены беларускім і латышскім паэтамі Янкам Купалам і Янісам Райнісам. На гэтай духоўнай базе і развіваецца наша ўзаемадзеянне. Праходзілі абменныя гастролі, візіты. Цяпер прапісаны ўсе напрамкі працы, якія маглі б спрыяць развіццю культурных сувязяў", - сказаў міністр.
Адным з ключавых момантаў праграмы з'яўляецца правядзенне сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных 150-годдзю народнага паэта Латвіі Яніса Райніса. Вялікая ўвага будзе нададзена музейнаму супрацоўніцтву. У цяперашні час рыхтуецца сумесная выстава, якая азнаёміць жыхароў дзвюх краін з творчасцю як Янкі Купалы, так і Яніса Райніса. У верасні экспазіцыю пакажуць у Юрмале, у лістападзе выставу змогуць убачыць у Мінску.
Міністр культуры Беларусі адзначыў, што ведамствы будуць спрыяць умацаванню кантактаў і ў галіне кінематаграфіі. "Фільм сумеснай вытворчасці Беларусі, Эстоніі і Латвіі "Адзінокі востраў" эстонскага рэжысёра Пеэтера Сімa, намінаваны на кінапрэмію Расіі, краін СНД і Балтыі "Ніка" за 2012 год, выклікаў цікавасць сусветнай грамадскасці. Латвійскія сябры пастаянна ўдзельнічаюць у Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад". У дакуменце прапісаны аспекты, рэалізацыя якіх будзе спрыяць сусветнаму кінематаграфічнаму поспеху", - дадаў ён.
Важным напрамкам двухбаковага супрацоўніцтва з'яўляецца ўзаемадзеянне паміж нацыянальнымі гістарычнымі архівамі Беларусі і Латвіі. Партнёрства будзе ажыццяўляцца ў рамках праекта "Radurasti" - "Радавод". Яго мэта - дазволіць чытачам азнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі па вывучэнні гісторыі сям'і і адначасова забяспечыць неабходную захаванасць арыгіналаў дакументаў, паколькі ў архівах Беларусі маюцца царкоўныя кнігі са звесткамі аб жыхарах Латвіі. Цяпер беларусы маюць доступ да латвійскіх архіваў, аднак да 2013 года ў жыхароў прыбалтыйскай краіны такой магчымасці не было.
Працягнецца партнёрства па праекце "Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё". Па словах міністра культуры Латвіі, цяпер добра развіваецца рэгіянальнае супрацоўніцтва. 16 мая ў Даўгаўпілсе пройдзе Другі беларуска-латвійскі форум.
Праграма ўключае шэраг пунктаў, сярод якіх развіццё супрацоўніцтва ў канцэртна-гастрольнай дзейнасці, у сферы музейнай і бібліятэчнай справы, выставачнай дзейнасці, арганізацыі абменных стажыровак выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ культуры. Вялікая ўвага будзе нададзена тэатральнаму партнёрству. Так, плануюцца гастролі і абмен рэжысёрамі латвійскіх тэатраў і беларускага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Турнэ беларускіх акцёраў у Рыжскім рускім тэатры імя Міхаіла Чэхава намечана на ліпень.
Таксама маюцца свае планы адносна супрацоўніцтва Латвійскай нацыянальнай оперы і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Цяпер вядуцца перамовы аб абменных гастролях у будучым сезоне (2013/2014 года).
Барыс Святлоў выказаў упэўненасць, што ў перспектыве дакумент можа быць прадоўжаны.