Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў ацаніў гатоўнасць ПДУ для ўключэння ў праект «Універсітэт будучыні»

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў наведаў Наваполацк. Ён сустрэўся з кіраўніцтвам горада, прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці другога этапу рэспубліканскага праекта «300 талентаў для каралевы», пабываў у Полацкім дзяржаўным універсітэце і гарадской гімназіі №2.


Захапіць спортам моладзь

Лёгкую атлетыку называюць каралевай спорту, а шукаць таленты для яе вырашылі па ўсёй краіне. Ва ўсіх кутках Беларусі настаўнікі фізкультуры тэсціравалі школьнікаў пачатковых класаў, каб вызначыць іх здольнасці да заняткаў спортам. Так, летась з больш чым 200 тысяч дзяцей кастынг прайшлі 300 самых адораных. Пад наглядам спецыялістаў з іх будуць вырошчваць алімпійскіх чэмпіёнаў. Адбор юных зорачак працягнецца і далей: кожны год па 300 чалавек.

Спартова-масавае мерапрыемства «300 талентаў для каралевы» праводзіцца па ініцыятыве Федэрацыі лёгкай атлетыкі ў рамках мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве, падпісанага з Міністэрствам спорту і турызму, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Акцыю падтрымала таксама кампанія «Белдзяржстрах», якая выдзеліла на яе рэалізацыю 1 млрд нененамінаваных рублёў.

– Гэты выдатны праект патрэбны не толькі для таго, каб выяўляць таленты, але і ў цэлым прылучаць моладзь да заняткаў лёгкай атлетыкай, якая з'яўляецца асновай усіх іншых дысцыплін, – сказаў на усталюючым адкрыцці спаборніцтваў у Наваполацку Міхаіл Жураўкоў.

Ён павіншаваў удзельнікаў з перамогай на першым этапе адбору і пажадаў ім яркіх, цікавых стартаў, падзякаваў настаўнікам, якія прышчапляюць дзецям любоў да спорту. Міністр падкрэсліў, што заняткі фізкультурай выхоўваюць сілу волі, дысцыпліну, самакантроль і проста неабходныя для гарманічнага развіцця асобы. Таму галоўная мэта праекта – захапіць як мага большую колькасць хлопцаў. Тых, хто не прайшоў у фінал, таксама заўважаць спецыялісты: базу дадзеных, сабраную для лёгкай атлетыкі, сёння актыўна выкарыстоўваюць у лыжах, біятлоне, веславанні і іншых відах спорту.

– Мы даём хлопцам шанец праявіць сябе, паказваем, як шмат выдатнай моладзі ў кожным рэгіёне нашай краіны. У мінулым годзе адбор прайшлі 40% дзяцей з сельскай мясцовасці, – адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прызёр Алімпійскіх гульняў Вадзім Дзявятоўскі.

Другі этап праекта сабраў у спортзале комплексу «Атлант» больш за 400 навучэнцаў 1-4 класаў з Полацкага, Расонскага, Верхнядзвінскага, Ушацкага раёнаў і Наваполацка. Яны спаборнічалі ў скачках з месца, кідках мяча і бегу. Тыя, хто паказаў лепшыя вынікі, паедуць на трэніровачныя зборы ў Гарадок, а ў канцы года прымуць удзел у фінальным мерапрыемстве ў Мінску.

Які ўніверсітэт будучыні?

У ПДУ міністр адукацыі наведаў новы корпус у пасёлку Междуречье, дзе размешчаны юрыдычны і спартыўна-педагагічны факультэты.

– Гэта салідны, еўрапейскі ўзровень, студэнтам можна толькі пазайздросціць, – так ацаніў Міхаіл Жураўкоў створаную тут базу, а кіраўніцтва ПДУ назваў крэатыўным, адкрытым новым тэндэнцыям.

У цэлым, па словах міністра, полацкі ВНУ з'яўляецца адным з вядучых у краіне па сваіх напрамках, ён рухаецца наперад, не здае пазіцый, славіцца інавацыйнымі распрацоўкамі і навуковымі школамі. А значыць, падыходзіць для таго, каб уключыць яго ў новы праект «Універсітэт будучыні», які зараз распрацоўваецца ў міністэрстве.

На сустрэчы са студэнтамі Міхаіл Анатольевіч падзяліўся сваім бачаннем актуальных праблем.

– Сёння тэхналогіі мяняюцца так хутка, што неабходна ўсё жыццё вучыцца: ісці ў магістратуру, атрымліваць другі і трэці дыпломы, павышаць кваліфікацыю. Тут закладваецца ваша будучыня. Каб дамагчыся поспеху, трэба прыкласці вялікія намаганні, – сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Па яго словах, востра стаіць пытанне адбору неабходных ведаў у бясконцым патоку інфармацыі. Навучыць гэтаму павінен выкладчык, і яго роля ў сучасным універсітэце мяняецца: гэта эксперт, мудры настаўнік, якому маладыя людзі давяраюць.

Студэнты таксама павінны актыўна ўдзельнічаць у

універсітэцкім працэсе: праяўляць ініцыятыву, прапаноўваць новыя формы выкладання і спосабы падачы матэрыялу. Але акадэмічныя свабоды, якія нам варта запазычыць у адукацыйнай сістэме адзінай еўрапейскай прасторы, на думку міністра, не азначаюць уседазволенасці. Дыялог павінен быць канструктыўным і ўзаемна паважлівым.

Акрамя таго, Міхаіл Анатольевіч звярнуў увагу на важнасць выхаваўчага кампанента. Адукаванага чалавека адрознівае не проста набор ведаў, а таксама інтэлігентнасць, патрыятызм.

– Нам хочацца, каб вы – маладыя, прыгожыя, разумныя – прынеслі карысць сваёй краіне, тут знайшлі сваё месца, – адзначыў міністр, закранаючы пытанне адтоку кадраў за мяжу.

Ларыса Малашаня, «Віцебскія весці». Фота Вікторыі Куклінай.