Міністр спорту і турызму Беларусі: «Віцебшчына павінна вярнуць сабе статус беларускай кузні лыжнікаў і біятланістаў»

Министр спорта и туризма Беларуси: «Витебщина должна вернуть себе статус белорусской кузницы лыжников и биатлонистов»
Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук сустрэўся са спартыўнай грамадскасцю Віцебшчыны. Пагутарыць на актуальныя тэмы з кіраўніком ведамства і выказаць яму свае прапановы па развіцці галіны ўдалося прадстаўнікам вядучых спарт-арганізацый вобласці і профільнага ўпраўлення аблвыканкама.

— У Беларусі трэба стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця масавага спорту, — сказаў Сяргей Міхайлавіч. — Вырашаць праблемы, што ўзнікаюць, трэба з самых нізоў, са школ і ДЮСШ. Дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў галіну, але чаканага выніку няма. Неабходна знайсці прычыны гэтага і выправіць сітуацыю, выбудаваць дакладную сістэму кіравання і прапанаваць людзям аптымальныя ўмовы для заняткаў фізічнай культурай.

Вывучэнне праблем невыпадкова пачалося з Віцебшчыны: рэгіёну ёсць чым ганарыцца. Так, у 2017 годзе нашы землякі Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў сталі чэмпіёнамі свету па скачках на батуце, Максім Нядосекаў выйграў першынство Еўропы сярод юніёраў па лёгкай атлетыцы, бронзавымі прызёрамі спаборніцтваў Старога Свету па трыатлоне і таэквандо сталі Ганна Максімава і Алі Радван адпаведна.

Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларускі спартыўны Олімп» удастоены галоўны трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Уласава і выхаванка абласной СДЮШАР прафсаюзаў па лёгкай атлетыцы Віялета Скварцова.

Біяатланістцы Ірыне Крыўко і дзюдаісту Даніэлу Мукеце прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны». Разам з тым ёсць і негатыўныя моманты.

— Вобласць традыцыйна паказвала добрыя вынікі ў лыжным спорце. Сёння гэтага няма. Лыжныя гонкі ў нас на нізкім узроўні, як і мужчынскі біятлон. У жаночым сітуацыя больш спрыяльная, але які маецца рэзерв, на каго мы будзем раўняцца ў будучыні? — спытаў Сяргей Кавальчук. — Мая задача не крытыкаваць, а разам са спецыялістамі на месцах знайсці прычыны складзенага становішча, скарэктаваць і выбудаваць працу так, каб быў вынік.

У краіне павінна быць дакладная сістэма пошуку і падрыхтоўкі спартыўных талентаў, почынаючы са школьнай лавы.

— Віцебшчына будзе ў авангардзе змяненняў, стане пляцоўкай, дзе мы апрабуем новыя падыходы ў развіцці галіны і будзем працаваць на перспектыву, для будучай Алімпіяды ў Пекіне, каб праз чатыры гады годна выступіць на ёй, — паведаміў Сяргей Міхайлавіч. — Я спадзяюся на плённую працу спецыялістаў. Таксама мне ўдалося заручыцца падтрымкай старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва. Ён сам па духу спартсмен, таму разумее існуючыя праблемы. Адна з іх — адсутнасць у райцэнтрах спецыялістаў, якія павінны займацца пытаннямі спорту, акумуляваць ідэі і высоўваць ініцыятывы.

Пасля мерапрыемства Сяргей Кавальчук наведаў шэраг спартыўных аб'ектаў вобласці.

"Віцебскія весці".