Міністр сувязі і інфарматызацыі ў Шаркаўшчыне: «Пытанне аб закрыцці аддзяленняў пошты павінна быць на асаблівым кантролі ў мясцовых улад»
Такое меркаванне выказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў падчас сустрэчы з работнікамі Шаркаўшчынскага ўчастка паштовай сувязі Глыбоцкага РВУС і вузла электрасувязі Глыбоцкага занальнага вузла электрасувязі, арганізаванай у рамках работы рэспубліканскіх інфармацыйных груп.
Размова з жыхарамі гарпасёлка была прысвечана рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў.
Апіраючыся на звесткі, прадастаўленыя інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Сяргей Пятровіч гаварыў аб значнасці развіцця зялёнай энергетыкі, міжнародным супрацоўніцтве краіны з іншымі дзяржавамі па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, рэалізацыі мерапрыемстваў па рэсурсазберажэнні.
Падводзячы вынікі работы аддзяленняў сувязі за 5 месяцаў бягучага года, Сяргей Папкоў адзначыў эфектыўнасць укаранёных перадавых тэхналогій, мерапрыемстваў па мадэрнізацыі галіны. Размова ішла, у прыватнасці, і аб буйненні раённых вузлоў паштовай сувязі. Да канца года іх у краіне будзе 30.
– Пытанне аб закрыцці аддзяленняў павінна быць на асаблівым кантролі ў мясцовых улад, – адзначыў Сяргей Пятровіч. – Важна ўлічваць меркаванне вяскоўцаў, дакладна выконваць графікі работы перасоўных аддзяленняў, добраўпарадкоўваць месцы чакання аўтамабіля паштовай службы.