Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна наведала Віцебскую вобласць
Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Мар'яна Шчоткіна ў ходзе двухдзённага рабочага візіту наведала шэраг сацыяльных устаноў Пастаўскага, Глыбоцкага, Браслаўскага і Полацкага раёнаў Віцебскай вобласці.
Першае, на што яна звярнула ўвагу, – гэта прыкметна ўзраслы ўзровень арганізацыі сацыяльнай работы ў вобласці і паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы дамоў-інтэрнатаў і тэрытарыяльных цэнтраў.
– Калі яшчэ каля пяці гадоў таму Віцебская вобласць была самай слабай у рэспубліцы па гэтых параметрах, то на працягу апошніх двух гадоў яна ўпэўнена займае лідзіруючыя пазіцыі, а па выніках 2013 года выйшла на першае месца, – сказала міністр. – Усё, што мы ўбачылі на Віцебшчыне, – гэта вынік мэтанакіраванай і вельмі складанай працы. Сёння ў вобласці функцыянуюць 15 дамоў-інтэрнатаў, 25 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, 19 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для састарэлых грамадзян. Яны забяспечваюць не толькі базавыя патрэбы падапечных у даху над галавой, ежы, паўсядзённым доглядзе, але і прадастаўляюць магчымасці для зносін і самарэалізацыі. Гэта вельмі важна, бо людзі маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы адзін аднаго.
У краіне выкарыстоўваецца шмат новых формаў сацыяльнай работы, у тым ліку запазычаных з замежнага вопыту. І, як адзначыла Мар'яна Шчоткіна, вядучая роля ў іх выбары належыць тэрытарыяльным цэнтрам, а задача міністэрства – дапамагчы, падтрымаць ініцыятыву, стварыць нарматыўна-прававую базу, калі ёсць неабходнасць.
– У Віцебскай вобласці паспяхова практыкуюцца дамы сумеснай пражывання пенсіянераў, патронатныя сем'і, дамы зімоўкі і самастойнага пражывання, і, што асабліва каштоўна, апрабуецца сумесна з Чырвоным Крыжам такая новая форма работы, як дзяржаўны сацыяльны заказ. Магу сказаць, што Віцебшчына сёння – перадавая вобласць па арганізацыі сацабслугоўвання насельніцтва.
У якім напрамку будзе развівацца сфера сацыяльнай падтрымкі далей? Па словах кіраўніка міністэрства, асноўны ўпор робіцца на ТЦСАНы.
– Мы паставілі задачу максімальна захоўваць пражыванне людзей дома, на роднай зямлі, – падкрэсліла Марыяна Шчоткіна. – Для гэтага будзем пашыраць пералік і павышаць якасць паслуг, якія аказваюцца цэнтрамі. У зоне іх увагі павінны быць не толькі пажылыя і інваліды, але і, напрыклад, сем'і з дзецьмі. Акрамя таго, тэрытарыяльныя цэнтры могуць узяць на сябе частку паслуг, якія аказваюцца КБО, тым самым развіваючы здаровую канкурэнцыю, а значыць, і паляпшаючы якасць абслугоўвання ў тых ці іншых населеных пунктах. Па сутнасці, ТЦСАН павінен стаць тым месцам, куды людзі могуць звярнуцца практычна па любых жыццёвых пытаннях.
Гаворачы аб зменах, якія адбыліся ў сферы сацыяльнага абслугоўвання, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Тарэнцьеў для ілюстрацыі прывёў канкрэтныя лічбы:
– За апошнія тры гады ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, у першую чаргу дамоў-інтэрнатаў і аддзяленняў кругласутачнага прабывання, укладзена каля 150 млрд рублёў, гэта ў 10 разоў больш, чым за папярэднія дзесяць гадоў. Толькі за мінулыя два гады для 13 дамоў-інтэрнатаў набыты новы аўтатранспарт. Сённяшні стан сацыяльных устаноў рашуча адрозніваецца ад таго, у якім яны знаходзіліся некалькі гадоў таму.
Наглядны прыклад гэтаму – Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Яшчэ пару гадоў таму людзі жылі там у аднапавярховых корпусах барачнага тыпу без водаправода. Цяпер у іх распараджэнні сучасны трохпавярховы будынак, аснашчаны ўсім неабходным.
– Ёсць прыклады вяртання пацыентам псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў дзеяздольнасці. Сярэдняя працягласць жыцця ў Дунілавіцкім – 81 год, – адзначыў Уладзімір Тарэнцьеў. – Усё гэта, на мой погляд, лепшы вынік укладзеных намаганняў. Праца працягваецца. Сёлета вектар увагі перамясціўся на Аршаншчыну і Полаччыну. Робім усё, каб у дамах-інтэрнатах вобласці былі годныя ўмовы для пражывання.
Не хаваючы здзіўлення і захаплення, падзяліўся ўражаннямі ад знаходжання на Віцебшчыне старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Пётр Савіцкі.
– Крыху больш за тры гады таму я быў тут з такім жа візітам. І тое, што ўбачыў сёння, лічу каласальным поспехам і перамогай як Віцебскай вобласці, так і сістэмы Мінпрацы ў цэлым, – сказаў ён. – Знаходжуся пад уражаннем і магу адназначна сцвярджаць, што грошы ўкладзены не дарма. Прыемна здзіўлены і рады за калег.
Таццяна Гарнова, "Віцебскія весці"