Міністр ЖКГ Андрэй Хмель правёў рабочую сустрэчу ў Наваполацку

Министр ЖКХ Андрей Хмель провел рабочую встречу в Новополоцке
Вопыт Наваполацкага біямехзавода паказальны для шэрагу іншых рэгіёнаў. Такое меркаванне выказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Андрэй Хмель, наведваючы Віцебскую вобласць.

Кіраўнік ведамства правёў рабочыя сустрэчы ў Наваполацку і Полацку, каб ацаніць стан смеццесартавальных прадпрыемстваў, водаканалаў, абмеркаваць шляхі іх далейшага развіцця. Разам з куратарамі сферы ЖКГ, прадстаўнікамі абласнога кіраўніцтва і мясцовай улады Андрэй Хмель пабываў на прадпрыемствах, якія задзейнічаны ў рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе».

 Экалагічна ўстойлівае развіццё, эканамічны эфект пашырэння вытворчасцей, аналіз канкурэнтнага асяроддзя – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас наведвання Наваполацкага ПКУП «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў». Міністр ЖКГ азнаёміўся з працэсам сартавання цвёрдых бытавых адходаў, лініяй па перапрацоўцы ПЭТ-бутэлек, вытворчасцю пясчана-палімернай тратуарнай пліткі з адходаў пластыку, рэсурсаў, якія раней не ўцягваліся ва ўторичны абарот.

 Адходы на заводзе канвертуюць у даходы. Пластыкавыя бутэлькі не проста прэсуюць і вывозяць на палігон ТБО, а перапрацоўваюць у флекс-хлапкі. Гэта запатрабаваны на рынку матэрыял, прыдатны для вытворчасці сінтэтычных валокнаў, сінтэпону, пакавальнай стужкі, плёнкі, іншай карыснай прадукцыі.

Каб звесці да мінімуму аб'ёмы пахаванняў цвёрдых камунальных адходаў, трэба яшчэ шмат зрабіць, адзначыў міністр ЖКГ. Праца ў гэтым напрамку працягваецца. У краіне створана канцэпцыя па абыходжанні з ТКО. Яна прадугледжвае будаўніцтва рэгіянальных комплексаў, дзе будуць сартаваць адходы, вылучаць і пускаць ва ўторичны абарот тое, што сёння можна выгадна рэалізаваць. Перспектывы ёсць. «Самае галоўнае – захаваць нашу краіну чыстай для будучых пакаленняў», – падкрэсліў кіраўнік Міністэрства.

Адным з прапанаваных варыянтаў вырашэння экалагічна важнай задачы з'яўляецца ўвядзенне ў Беларусі сучаснай дэпазітна-залогавай сістэмы спажывецкай упакоўкі. На дадзеным этапе правяраецца мэтазгоднасць яе запуску. «Мы павінны ўзважыць, па якім шляху краіне ісці, пралічыць з пункту гледжання эканомікі. Пакуль канчатковае рашэнне не прынята», – растлумачыў Андрэй Хмель.

Развітваючыся з журналістамі, міністр распавёў пра перспектывы развіцця адзінай дыспетчарскай службы для зваротаў насельніцтва па пытаннях ЖКГ. Па словах кіраўніка ведамства, у рэспубліцы распрацаваны рэгламент працы службы «115». У яе функцыянал плануецца ўключыць дадатковыя сэрвісы для зваротнай сувязі з насельніцтвам. Пацвердзіць выкананне заяўкі можна будзе не толькі праз дыспетчара, падпісанне акта выкананых работ і мабільны дадатак. У Беларусі плануецца ўкараніць сістэму аўтаматычных абзвонаў абанентаў.

У Мінску выпрабоўваюць робатызаваны сэрвіс для тэлефоннай сувязі з заяўнікамі, якія з дапамогай простых маніпуляцый змогуць пацвердзіць выкананне або невыкананне заяўкі. Да моманту, пакуль заяўка не пацверджана, яна застанецца на кантролі ў службе «115» і ў арганізацыях выканаўцаў работ. Мэта новаўвядзенняў – паменшыць колькасць паўторных зваротаў і забяспечыць больш якаснае выкананне заявак.

Гаворачы пра мэту візіту ў Наваполацк і Полацк, Андрэй Валер'евіч падкрэсліў важнасць сустрэч з працоўнымі калектывамі. Гэта магчымасць пачуць меркаванні людзей, падзяліцца вынікамі, падзякаваць за працу. План паездкі міністра ўключаў зносіны з работнікамі Наваполацкага біямехзавода і філіяла «Полацкводаканал» КУП «Віцебскаблвадаканал».

Па словах Міністра, у кожным рэгіёне Беларусі ў сістэме ЖКГ у тым ці іншым напрамку ёсць свая асаблівасць, напрацоўкі, якія можна пераняць і развіць. Станоўчы вопыт працы прадпрыемстваў Віцебшчыны неабходна рэтрансляваць па краіне. Абмен дасягненнямі дапамагае рухацца наперад, рэзюмаваў Андрэй Хмель.

"Віцебскія весці".