Міністры культуры Беларусі і Украіны абмеркавалі патэнцыйныя праекты супрацоўніцтва

12 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрствы культуры Беларусі і Украіны зацікаўлены ў далейшым супрацоўніцтве. Рэалізацыю патэнцыйных праектаў абмеркавалі на рабочай сустрэчы ў Віцебску міністр культуры Беларусі Павел Латушка і міністр культуры і турызму Украіны Міхаіл Куліняк, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Мінкультуры Беларусі Ганна Смальская.

У прыватнасці, міністры гаварылі аб перспектывах у сферы адукацыі, музейнай і бібліятэчнай справы, магчымасці абменных гастроляў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Нацыянальнага тэатра імя Івана Франко.

Беларускі бок адзначыў зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве з вядучымі ўкраінскімі ВНУ па арганізацыі стажыровак для студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў, выкладчыкаў ВНУ сферы культуры і мастацтва. Акрамя таго, міністры абмеркавалі арганізацыю і правядзенне ў Беларусі прэзентацыі аб ільготных умовах у сферы кінавытворчасці пры ўдзеле кінематаграфістаў і спецыялістаў з Украіны і іншых краін. Асаблівую ўвагу суразмоўцы ўдзелілі пытанням супрацоўніцтва ў рамках рэгіянальнай праграмы Савета Еўропы "Кіеўская ініцыятыва".

Павел Латушка выказаў удзячнасць за садзейнічанне ў рэалізацыі ініцыятывы Мінкультуры Беларусі па ўстаноўцы помніка выдатнаму беларускаму пісьменніку і паэту Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве.-0-