Мінюст падарыў да Новага года сельскай школе ў Докшыцкім раёне мікрааўтобус

Міністэрства юстыцыі ў ходзе дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" павіншавала выхаванцаў ДУА "Беразкоўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа Докшыцкага раёна" (Віцебская вобласць) з Новым годам. Міністр Алег Сліжэўскі падарыў установе адукацыі мікрааўтобус "Газель" і традыцыйныя навагоднія прысмакі.

Мінюст шэфствуе над сельскай установай адукацыі каля 10 гадоў. Высокіх гасцей тут традыцыйна сустракаюць два разы на год - 1 верасня і напярэдадні галоўных зімовых святаў. Дзеці падрыхтаваліся да сустрэчы грунтоўна - навагодні спектакль, песні, вершы, запрасілі гасцей у карагод.

Падчас акцыі "Нашы дзеці" кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, чыноўнікі самага высокага рангу наведваюць дзіцячыя дамы, дамы-інтэрнаты, сацыяльныя ўстановы і школы не толькі ў сталіцы, абласных цэнтрах, але і ў глыбінцы. "Выхаванцы гэтых устаноў адчуваюць, што яны знаходзяцца пад увагай і клопатам дзяржавы, - сказаў міністр юстыцыі. - Гэта добрая традыцыя, нам самім вельмі прыемна пабываць у такой атмасферы, вяртаемся на працу з станоўчымі эмоцыямі, энергіяй, новымі сіламі".

Міністр выказаў упэўненасць, што транспарт дапаможа дзецям быць больш мабільнымі - яны змогуць ездзіць на творчыя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы, больш актыўна рэалізоўваць свой патэнцыял. Беразкоўская дзіцячы сад-сярэдняя школа (вядзе сваю гісторыю з 20-х гадоў мінулага стагоддзя) атрымала падарунак і ад раённых уладаў, якія прэзентавалі дзецям сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентара.

Дабрачынная навагодняя акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 10 снежня 2015 года па 10 студзеня 2016 года. Па традыцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, канцэрнаў, банкаў, грамадскіх аб'яднанняў наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апекунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. Удзельнікі акцыі віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі і ўручаюць ім падарункі.

Алена Ціханава, БЕЛТА.