Мінпрыроды Беларусі распрацоўвае Нацыянальную праграму дзеянняў па барацьбе з дэградацыяй зямель
6 жніўня, Гарадок /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Мінпрыроды выступіла ініцыятарам стварэння Нацыянальнай праграмы дзеянняў па барацьбе з дэградацыяй зямель, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік спецінспекцыі дзяржкантролю за выкарыстаннем і аховай зямель, расліннага свету, лясоў і ландшафтаў Мінпрыроды Уладзімір Саўчанка.
Работа над праграмай ужо пачалася. Неабходнасць яе стварэння абумоўлена патрэбай урэгулявання пытанняў аховы, аднаўлення і ўліку зямель. Як адзначыў Уладзімір Саўчанка, дысбаланс гумусу адчувае кожны другі сельскагаспадарчы раён Беларусі. "З ураджаем з глебы забіраецца больш пажыўных рэчываў, чым у яе ўносіцца", - растлумачыў спецыяліст. Напрыклад, толькі фосфару паступае ў глебу 30% ад неабходнага.
Яшчэ адной праблемай зямель у Беларусі з'яўляюцца меліяраваныя, тарфяныя глебы. З часам яны ператвараюцца ў нізкапрадукцыйныя землі, непрыдатныя для вядзення сельгасвытворчасці. Змяненне клімату таксама негатыўна ўплывае на стан глебаў: павышаецца колькасць зямель, якія падвяргаюцца ветравой эрозіі.
Праблема дэградацыі зямель актуальная для Беларусі, канстатаваў Уладзімір Саўчанка, і патрабуе сістэмнага падыходу да яе вырашэння.
Прыярытэты нацпраграмы абмяркоўваюцца сёння ў Гарадку (Віцебская вобласць) на семінары "Ахова зямель/глебаў ад эрозіі і яе адлюстраванне ў Нацыянальнай праграме дзеянняў па барацьбе з дэградацыяй зямель". Семінар праводзіцца ў рамках рэалізацыі праекта ЕС і Праграмы развіцця ААН (ПРААН) "Пабудова патэнцыялу ў галіне стратэгічнай экалагічнай ацэнкі і ў галіне рэалізацыі прыродаахоўных канвенцый у Рэспубліцы Беларусь".-0-