Мінпрыроды падтрымлівае рашэнне аб забароне выкарыстання тэхнічнай солі
27 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі падтрымлівае рашэнне Мінздароўя аб забароне выкарыстання тэхнічнай солі і вадкага хларыду кальцыя ў якасці супрацьгалолёдных сродкаў. Пра гэта заявіў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, кіраўнік Мінпрыроды Уладзімір Цалко. У Віцебску ён прымае ўдзел у пасяджэнні калегіі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
"Мы станоўча ставімся да ўсіх пачынанняў, якія нясуць карысць прыродзе і людзям", - падкрэсліў міністр.
Уладзімір Цалко адзначыў, што якасць жыцця, здароўя, адпачынку і працаздольнасць людзей напрамую залежаць ад стану прыроды. Таму ў 2010 годзе, які абвешчаны Годам якасці, будуць пастаўлены сур'ёзныя задачы па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі ў рэспубліцы. Фарміраванне рабочых груп, якія вызначаць план адпаведных мерапрыемстваў, ужо пачалося, дадаў кіраўнік ведамства.
Забарона на выкарыстанне вадкага хларыду кальцыя і тэхнічнай солі ў якасці супрацьгалолёдных сродкаў на тратуарах і пешаходных зонах пачала дзейнічаць з 22 студзеня. Новаўвядзенне не распаўсюджваецца на праезную частку.-0-