Мінпрам прапануе ААТ "Віцязь" выпускаць тэлевізары пад брэндамі "Віцязь" і "Гарызонт"
Міністэрства прамысловасці прапануе ААТ "Віцязь" выпускаць усю лінейку тэлевізійнай тэхнікі, якая вырабляецца ў Беларусі. Пра гэта сёння паведаміў міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч, які прымаў удзел у пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку міністра, кансерватызм ранейшага кіраўніцтва ААТ "Віцязь" прывёў да таго, што прадпрыемства не здолела своечасова перабудавацца на рынкавыя рэйкі: экспарт быў арыентаваны толькі на расійскі рынак, страчаныя сувязі з распрацоўшчыкамі прадукцыі падвойнага прызначэння, ды і брэнд "Віцязь" страціў ранейшую папулярнасць.
З прызначэннем новага кіраўніка (у канцы снежня 2012 года на пасаду гендырэктара ААТ "Віцязь" кіраўніком дзяржавы быў узгоднены Сяргей Гунько. - Заўв. БЕЛТА) Мінпрам спадзяецца стабілізаваць эканамічнае становішча прадпрыемства. Міністэрства прапануе заводу вырабляць усю лінейку тэлевізійных апаратаў, якія цяпер выпускаюцца ў Беларусі, як пад гандлёвымі маркамі "Віцязь" і "Гарызонт", так і пад іншымі. Як растлумачыў міністр, "Гарызонт" у цяперашні час адчувае недахоп вытворчых плошчаў і, магчыма, будзе арыентаваны на выпуск іншага віду прадукцыі.
Аднак выпускам тэлевізараў ААТ "Віцязь" не мае намеру абмяжоўвацца. Тут таксама прадугледжваецца выпускаць імпартазамяшчальную бытавую тэхніку і прадукцыю для ваенна-прамысловага комплексу. У цяперашні час распрацоўваецца бізнес-план развіцця. Як запэўніў Дзмітрый Кацярыніч, "прадпрыемству будзе аказана падтрымка. Вядуцца перамовы з банкамі аб выдзяленні ААТ "Віцязь" крэдытаў на суму каля Br150 млрд.".
Па дадзеных камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама, у 2012 годзе вытворчыя магутнасці ААТ "Віцязь" былі загружаны на 20%.