Мінпрам патрабуе ад прадпрыемстваў нефармальнага падыходу да праектаў па мадэрнізацыі

Міністэрства прамысловасці патрабуе ад прадпрыемстваў нефармальнага падыходу да праектаў па мадэрнізацыі. Пра гэта сёння заявіў міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч, які прымаў удзел у пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па словах міністра, праекты мадэрнізацыі, якія кіраўнікі прадпрыемстваў прадстаўлялі Мінпраму, з аднаго боку, адпавядаюць устаноўленым патрабаванням: "Усе дырэктары распрацавалі праграмы, у якіх заклалі і выручку, і валавы дададзены кошт, і атрымалі неабходныя ўзгадненні. Фармальна ўсё адпавядае". Аднак аб'ёмы інвестыцый у гэтыя праекты закладзены з ростам 10-15% да ўзроўню 2012 года, а гэта, на думку Дзмітрыя Кацярыніча, недастаткова. "Гэта сведчыць аб тым, што сур'ёзнай мадэрнізацыі не будзе праводзіцца. Ёсць спроба звесці ўсё да кампанейшчыны. Рэальных праектаў няма. Глабальнага добрага прадукту прадпрыемствы прапанаваць не могуць. Нельга выйсці на ўзровень сусветных стандартаў з малым фінансаваннем на мадэрнізацыю", - канстатаваў ён.

У сваю чаргу, урад бачыць праблемы, якія ўзнікаюць перад прадпрыемствамі пры мадэрнізацыі. І асноўныя з іх - адсутнасць уласных сродкаў на абнаўленне, а таксама высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах. Аднак атрымаць дзяржаўную падтрымку на рэалізацыю праектаў рэальна - на гэта накіраваны шэраг пастановаў урада, якія агаворваюць умовы такой падтрымкі, нагадаў міністр.

На думку старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца, крэдытныя рэсурсы на мадэрнізацыю прамысловых прадпрыемстваў, у першую чаргу, станкабудаўнічай і машынабудаўнічай галін, неабходна таннець або фінансаваць з фонду развіцця. Яшчэ адзін шлях губернатар бачыць у прыцягненні замежных інвестыцый і стварэнні сумесных прадпрыемстваў.

Міністр прамысловасці таксама звярнуў увагу на тое, што часта ўстаноўленае новае абсталяванне не выкарыстоўваецца на поўную магутнасць. "Прадпрыемствы працуюць у адну-дзве змены, субота і нядзеля - выхадны. Нельга эксплуатаваць сучаснае абсталяванне ў адну змену. Калі яго не загрузілі, яно не дало аддачу, не атрымалі прыбытку, а значыць, няма сродкаў на далейшае пераўзбраенне", - сказаў ён. Аб'ёмныя паказчыкі вытворчай дзейнасці маюць такое ж значэнне, як і якасныя. "Няма аб'ёмаў вытворчасці - няма выручкі, зарплаты, грошай на развіццё вытворчасці. Некаторым прадпрыемствам трэба павялічваць аб'ёмы ў 3-4 разы. Рынкі для прадукцыі ёсць", - лічыць Дзмітрый Кацярыніч. У сувязі з гэтым Мінпрам мае намер перагледзець кантракты з дырэктарскім корпусам, дзе будуць агавораны ўмовы выканання ў тым ліку і аб'ёмных паказчыкаў.

У Віцебскай вобласці ў прамысловасці ажыццяўляюць дзейнасць 1156 арганізацый, у якіх працуюць больш за 123 тыс. чалавек. З агульнай колькасці прампрадпрыемстваў планы мадэрнізацыі і мерапрыемствы па эфектыўным развіцці да 2015 года рэалізуюць 1137 арганізацый. На ажыццяўленне планаў па абнаўленні вытворчасці на працягу 2013-2015 гадоў прадугледжваецца накіраваць каля Br15 трлн.

БЕЛТА