Мінск у студзені пазнаёміцца з творчымі дасягненнямі Полацка - культурнай сталіцы 2010
13 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Звыш 50 вернісажаў, канцэртаў, творчых сустрэч, фестываляў прайшло ў Полацку ў рамках першай грамадска-культурнай рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца 2010", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Інна Шаховіч.
На пачатку 2010 года Міністэрства культуры дало старт акцыі "Культурная сталіца Беларусі", прызначанай развіваць і ўзбагачаць культурнае жыццё рэгіёнаў, актывізаваць мясцовыя грамадскія ініцыятывы па падтрымцы нацыянальнай культуры, прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці, турыстаў. Дзякуючы акцыі палачане і госці старажытнага горада пазнаёміліся з культурнымі дасягненнямі Беларусі, убачылі лепшыя творчыя калектывы краіны. На працягу года ў Полацк прыязджалі са сваімі канцэртамі Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", ансамбль "Класік-Авангард", "Песняры". У гарадской Мастацкай галерэі праходзілі выставы літаграфій Напалеона Орды з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, карцін Івана Хруцкага, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння мастака, вернісажы беларускіх і замежных сучасных мастакоў.
У Мінску ў сярэдзіне студзеня 2011 года пройдзе прэзентацыя Полацка, дзе афіцыйная сталіца пазнаёміцца з творчымі дасягненнямі культурнай сталіцы 2010 года. У Мінск прыедуць каля 400 самадзейных артыстаў, майстроў народных рамёстваў. Як чакаецца, на гала-канцэрце майстроў мастацтваў Полацкай зямлі будзе названа культурная сталіца Беларусі 2011 года.
Еўропа выбірае сваю культурную сталіцу з 1985 года. Першымі атрымалі гэты статус грэчаскія Афіны. З канца 90-х гадоў XX стагоддзя статус культурнай сталіцы атрымліваюць гарады Амерыкі і Блізкага Усходу. У 2010 годзе статус еўрапейскіх культурных сталіц атрымалі Печ (Венгрыя), Эсэн (Германія), Стамбул (Турцыя). -0-