Мінскія дынамаўцы Павел Развадоўскі і Дзмітрый Корабаў дапамогуць "Шахцёру" ў матчы з "Гомелем"

8 верасня, Мінск /Сяргей Вішнеўскі - БЕЛТА/. Мінскія дынамаўцы Павел Развадоўскі і Дзмітрый Корабаў дапамогуць сёння салігорскаму "Шахцёру" ў матчы адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі з "Гомелем", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе сталічнага "Дынама". На паядынак у Салігорск адправіўся таксама галоўны трэнер мінскага "Дынама" і зборнай Беларусі Глен Хэнлан, які будзе назіраць за гульнёй "Шахцёра", што з'яўляецца фарм-клубам сталічнай дружыны. Акрамя матчу ў Салігорску, у беларускай экстралізе сёння адбудуцца яшчэ 5 сустрэч: "Керамін" (Мінск) - "Сокал" (Кіеў), "Металург" (Жлобін) - "Віцебск", "Шыннік" (Бабруйск) - "Хімік-СКА" (Наваполацк), "Металургс" (Ліепая) - "Юнацтва" (Мінск), "Дынама-Юніорс" (Рыга) - "Хімвалакно" (Магілёў). Пасля матчу з віцэ-чэмпіёнам краіны "Гомелем" форвард Развадоўскі і абаронца Корабаў зноў вернуцца ў размяшчэнне "Дынама" і працягнуць падрыхтоўку да чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі, які стартуе 10 верасня паядынкам фіналістаў Кубка Гагарына - казанскага "Ак Барса" і яраслаўскага "Лакаматыва". У гэтай сустрэчы будзе разыграны першы трафей новага сезона КХЛ - Кубак адкрыцця. Мінскія дынамаўцы стартуюць у чэмпіянаце КХЛ 12 верасня матчам у Санкт-Пецярбургу супраць мясцовага СКА. А не пазней чым за дзень да ад'езду на берагі Нявы, 11 верасня, будзе аб'яўлены капітан мінскага "Дынама" ў наступным сезоне. Верагодна, толькі за дзень да старту трэнерскі штаб вызначыцца і са складам гульцоў, якія згуляюць у Піцеры. Не выключана, што ў галоўную каманду будзе выкліканы хтосьці з хакеістаў "Шахцёра". А вось нападаючаму Юсі Макконену ў стартавым матчы сезона згуляць, мабыць, не давядзецца - лепшы снайпер мінулага чэмпіянату Фінляндыі лечыць траўму калена. Пасля вяртання з Санкт-Пецярбурга дынамаўцы правядуць тры запар хатнія матчы, якія пройдуць на лёдзе мінскага Палаца спорту. Сапернікамі стануць пераможца рэгулярнага сезона-2008/2009 уфімскі "Салават Юлаеў" (14 верасня), омскі "Авангард" (16 верасня) і казахстанскі "Барыс" з Астаны (18 верасня). Больш за палову білетаў на гэтыя сустрэчы ўжо раскуплена. А ў бліжэйшыя дні ў Мінск з дзелавым візітам прыбудуць высокапастаўленыя хакейныя госці. У беларускай сталіцы пабываюць дэлегацыя КХЛ на чале з віцэ-прэзідэнтам лігі Уладзімірам Шалаевым, старшыня прафсаюза гульцоў КХЛ Андрэй Каваленка, а таксама кіраўнік аргкамітэта Кубка Шпенглера Фрэдзі Паргетцы. У праграму іх візітаў уключана і зносіны з прэсай. Прэс-канферэнцыя з удзелам Шалаева і Каваленкі запланавана на 14 верасня ў 17.30 у мінскім Палацы спорту. Адразу пасля яе завяршэння там жа з журналістамі сустрэнецца і Фрэдзі Паргетцы. Як вядома, мінскае "Дынама" стане першым беларускім клубам, які атрымае запрашэнне выступіць у найстарэйшым хакейным турніры з больш чым 80-гадовай гісторыяй. У Кубку Шпенглера традыцыйна прымае ўдзел мясцовая каманда "Давос", часам узмоцненая лепшымі гульцамі чэмпіянату Швейцарыі, зборная Канады, звычайна складзеная з гульцоў, якія выступаюць у еўрапейскіх клубах, а таксама, як правіла, пераможца папярэдняга турніру. У снежні 2008-га ім стала маскоўскае "Дынама". Астатнія клубы запрашаюцца арганізатарамі. Масквічы на гэты раз адмовіліся ад выступу ў Кубку Шпенглера з прычыны шчыльнага календара. Сапернікамі ж мінчан, акрамя "Давоса" і зборнай Канады, стануць "Мангейм" (Германія) і "Карлавы Вары" (Чэхія). Прычым чэшскі і швейцарскі клубы з'яўляюцца чэмпіёнамі сваіх краін. Кубак Шпенглера ўпершыню адбыўся ў 1923 годзе і праходзіў з тых часоў ужо 82 разы. Яго натхняльнікам стаў вядомы швейцарскі лекар і змагар з сухотамі Карл Шпенглер. Часцей за іншых уладальнікамі трафея станавіліся "Давос" (14 разоў) і зборная Канады (11). З савецкіх каманд прызам часцей за іншых (5 разоў) валодаў маскоўскі "Спартак". У суверэннай гісторыі пераможцамі станавіліся тры расійскія клубы - маскоўскі ЦСКА (1991), магнітагорскі "Металург" (2005) і маскоўскае "Дынама" (2008). За ўсю гісторыю "Кубак Шпенглера" не праводзіўся толькі чатыры разы - у 1939, 1940, 1949 і 1956 гадах.-0-