Менскае «Дынама» дапаможа наваполацкай хакейнай школе

6 кастрычніка, Мінск /Сяргей Вішнеўскі - БЕЛТА/. Мінскае "Дынама" дапаможа наваполацкай хакейнай школе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Як інфармуе афіцыйны клубны сайт сталічнай дружыны, сёння старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Уладзімір Навумаў распавёў аб тым, як плануецца распарадзіцца даходамі, якія клуб атрымае ад першага матчу "Дынама" на адкрыццё "Мінск-Арэны" ў лістападзе. "Наваполацкая дзіцяча-юнацкая хакейная школа перажывае не самыя лепшыя часы. ХК "Дынама" (Мінск) гатовы ёй дапамагчы. У шэрагах мінчан выступае выхаванец гэтай выдатнай школы - Уладзімір Дзянісаў. Мы перадамо выручку ад першага матчу яму, каб ён закупіў хакейны інвентар, прывёз у Наваполацк і раздаў дзецям", - паведаміў Уладзімір Навумаў. Найбольш вядомымі з выхаванцаў наваполацкай школы з'яўляюцца браты Андрэй і Сяргей Касціцыны, якія выступаюць у складзе самага тытулаванага клуба НХЛ "Манрэаль Канадыенс", які 24 разы станавіўся ўладальнікам Кубка Стэнлі. Акрамя таго, Наваполацк падарыў беларускаму хакею абаронцу Сяргея Колава, які гуляе ў Амерыканскай хакейнай лізе за "Гранд-Рапідс" (фарм-клуб знакамітага "Дэтройта"), а таксама форварда Віталя Валуя, які стаў першым, каму ўдалося закінуць 100 шайбаў у чэмпіянатах Беларусі. Сёння ледзь ці не ў кожным беларускім клубе можна адшукаць гульца, якога выхавала наваполацкая школа. Сярод іх адзін з лепшых бамбардзіраў цяперашняга чэмпіянату краіны Аляксандр Жыдкіх ("Гомель"), капітан салігорскага "Шахцёра" Сяргей Задзялёнаў і малады абаронца гэтай каманды Дзмітрый Корабаў, лідары жлобінскага "Металурга" Юрый Елісеенка і Ігар Каваленя, форвард мінскай "Юнасці" Аляксандр Кітараў, таленавіты брамнік "Гомеля" Ігар Брыкун і многія іншыя. На папярэднім чэмпіянаце свету ў Швейцарыі ў заяўку зборнай Беларусі былі ўключаны трое выхаванцаў наваполацкай школы - абаронцы Уладзімір Дзянісаў і Дзмітрый Корабаў, а таксама галкіпер Ігар Брыкун.-0-