Мінгандлю Беларусі абвяргае чуткі пра павышэнне цэн на цукар і сланечнікавы алей

8 красавіка, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Міністэрства гандлю Беларусі абвяргае чуткі аб павышэнні цэн на цукар і сланечнікавы алей, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення арганізацыі спажывецкага рынку харчовымі таварамі Мінгандлю Любоў Язепчык. "Ніякага павышэння цэн на цукар і сланечнікавы алей не плануецца, іх запасаў у гандлі цалкам дастаткова для рытмічнага забеспячэння ўнутранага рынку", - падкрэсліла яна. У прыватнасці, запасаў цукру ў краіне заўсёды дастаткова для таго, каб цалкам забяспечыць унутраныя патрэбы. "Рэсурсаў столькі, што калі нават цукровыя заводы спыняцца, запасы цукру можна будзе прадаваць на працягу 10 месяцаў, - адзначыла Любоў Язепчык. - Да таго ж, цукровыя заводы працуюць стабільна, выконваюць усе заяўкі гандлёвых арганізацый". Запасаў алею таксама на складах цалкам дастаткова - іх хопіць на 2,5 месяца бесперабойнай працы. Акрамя таго, пастаянна вядуцца імпартныя закупкі. "Мы з канцэрнам "Белгоспішчапрам" дамовіліся, што не будзем павышаць цэны на цукар і алей, і афіцыйна данеслі гэтую інфармацыю да насельніцтва праз прэсу. Аднак чуткі аб нібыта надыходзячым павышэнні цэн на гэтыя прадукты харчавання выклікалі ажыятажны попыт, і людзі пачалі скупляць вялікімі аб'ёмамі цукар і алей", - распавядае спецыяліст. Павышаны попыт на цукар пачаўся з Брэсцкай вобласці, затым пракаціўся па Гродзенскай, тры дні таму пачалося ажыўленне ў гэтым сегменце рынку ў Мінску. Любоў Язепчык падкрэсліла, што Мінгандль трымае гэтае пытанне на кантролі і гатовы забяспечыць патрэбы насельніцтва ў гэтых прадуктах. У бліжэйшыя выхадныя дні будуць працаваць аптовыя базы "Мінскбакалея" і "Белбакалея", каб заяўкі гандлёвых арганізацый выконваліся неадкладна. Разам з тым, калі цэны на цукар рэгулюе дзяржава, то цэны на алей моцна залежаць ад закупкі. "Аналагічная сітуацыя з ростам цэн на алей у Беларусі ўжо была некалькі гадоў таму, калі да сезона нарыхтовак цэны на алей павялічыліся амаль удвая - з Br2,6 тыс. да Br5-6 тыс., - нагадала спецыяліст. - А потым у сувязі з паступленнем алею новага ўраджаю сітуацыя стабілізавалася і цэны на алей зноў сталі ніжэйшымі". Алей для вытворчасці алею і бутыляваны сланечнікавы алей Беларусь у асноўным атрымлівае з Украіны і Расіі. Кантракты па пастаўках алею носяць доўгатэрміновы характар, і імпарцёры запэўніваюць, што ў гэтым сегменце рынку рэзкіх ваганняў цэн пакуль не прадбачыцца. У Мінгандлі таксама адзначылі, што ў цяперашні час сітуацыя ў цэлым кіраваная, і просяць насельніцтва не паддавацца чарговым нездаровым чуткам аб павышэнні цэн. З боку Мінгандлю ўзмоцнены кантроль за выкананнем заявак на харчовыя прадукты.-0-