Мінтранс Беларусі плануе актыўна развіваць унутрырэспубліканскія авіяперавозкі
14 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Развіццё ўнутрырэспубліканскіх авіяперавозак стане адным з асноўных напрамкаў работы Мінтраса ў наступнай пяцігодцы. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба. У Віцебску ён прымае ўдзел у рэспубліканскім семінары па пытаннях энергазберажэння ў арганізацыях Мінтраса.
"За апошнія 5 гадоў мы змаглі захаваць усе аэрапорты ў абласных цэнтрах, у тым ліку прымаючы адміністрацыйныя рашэнні, але для падтрымання іх у выдатным стане неабходна развіваць авіяперавозкі", - адзначыў Іван Шчэрба. У сувязі з гэтым Мінтрас распрацоўвае праграму развіцця грамадзянскай авіяцыі на 2011-2015 гады, у якой будуць прадугледжаны мерапрыемствы ў тым ліку па развіцці ўнутрырэспубліканскіх паветраных зносін. Так, Віцебскі аблвыканкам актыўна ініцыюе стварэнне на базе аэрапорта ў абласным цэнтры транспартна-лагістычнага цэнтра, а таксама адкрыццё пасажырскіх авіяперавозак з рэгіёнамі Расіі і Украіны. Разам з тым для арганізацыі пасажырскіх авіяперавозак неабходныя самалёты невялікай умяшчальнасці, таму праблему трэба вырашаць у комплексе, дадаў кіраўнік ведамства.
"Пытанне развіцця авіяперавозак стаіць на парадку дня, і на наступную пяцігодку мы ставім перад сабой такую задачу", - сказаў Іван Шчэрба. Мінтрас прадставіць праграму развіцця грамадзянскай авіяцыі на 2011-2015 гады ва ўрад, і да канца бягучага года дакумент можа быць зацверджаны.-0-