Мінпрацы і сацабароны правядзе ў рэгіёнах Беларусі семінары на тэму выбару форм і сістэм аплаты працы
6 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правядзе ў 2012 годзе серыю рэспубліканскіх навукова-практычных семінараў на тэму "Новыя магчымасці для наймальнікаў у выбары форм і сістэм аплаты працы ва ўмовах лібералізацыі эканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар міністэрства Варвара Аляксандравіч.
Яна нагадала, што новыя формы і сістэмы аплаты працы прымяняюцца ў арганізацыях рэспублікі ў адпаведнасці з указам ад 10 мая 2011 года №181 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні дзяржаўнага рэгулявання ў галіне аплаты працы".
На працягу бягучага года Міністэрства працы і сацыяльнай абароны плануе правесці сем навукова-практычных семінараў. Яны будуць арганізаваны ў кожнай вобласці рэспублікі на базе канкрэтных прадпрыемстваў, удакладніла прэс-сакратар.
Першы семінар адбудзецца 13 красавіка ў Віцебску на базе кандытарскага камбіната "Віцьба". У ім возьмуць удзел каля 40 кіраўнікоў і спецыялістаў навуковых і камерцыйных арганізацый, прадстаўнікі Мінпрацы і сацабароны, аблвыканкамаў.
Перад удзельнікамі семінара выступяць эксперты на такія актуальныя тэмы, як "Магчымасці наймальнікаў ва ўсталяванні ўмоў аплаты працы работнікам рэальнага сектара эканомікі", "Аплата і стымуляванне працы спецыялістаў і кіраўнікоў, якія забяспечваюць рэалізацыю прадукцыі на ўнутраны і знешні рынкі", "Пабудова тарыфных сістэм аплаты працы на аснове бальнай ацэнкі складанасці і грэйдзіравання", "Навукова-метадалагічнае суправаджэнне ўкаранення гнуткіх сістэм аплаты працы", "Вынікі маніторынгу практычнага прымянення ўказа №49 у камерцыйных арганізацыях".
"Фармат семінара прадугледжвае свабодны абмен думкамі, што дазволіць удзельнікам абмеркаваць на канкрэтных прыкладах новыя магчымасці для наймальнікаў у выбары форм і сістэм аплаты працы ва ўмовах лібералізацыі эканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый, а таксама выкарыстаць атрыманы вопыт на практыцы, - адзначыла Варвара Аляксандравіч. - Цыкл семінараў акажа неацэнную дапамогу спецыялістам, якія займаюцца пытаннямі аплаты працы. Гэта ўнікальная магчымасць выслухаць меркаванні экспертаў і з іх дапамогай авалодаць тымі навыкамі, якія пазней спатрэбяцца ў практычнай дзейнасці".-0-