Мінздароў Беларусі рэкамендуе грамадзянам устрымацца ад паездак у правінцыю Цынхай КНР з-за ўспышкі лёгачнай чумы
5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія медыкі рэкамендуюць грамадзянам устрымацца ад паездак у правінцыю Цынхай Кітайскай Народнай Рэспублікі з-за ўспышкі лёгачнай чумы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінздава.
У горадзе Цзыкэтань (правінцыя Цынхай на паўночным захадзе Кітая) з колькасцю жыхароў 10 тыс. з 30 ліпеня 2009 года рэгіструецца ўспышка смяротна небяспечнага захворвання - лёгачнай чумы. Па стане на 4 жніўня трое хворых памерлі. Гаспіталізаваны яшчэ 11 чалавек, стан якіх ацэньваецца як стабільны. Кітайскія ўлады прымаюць неабходныя меры для ізаляцыі пацярпелых, горад закрыты на каранцін, для аказання дапамогі ў горад накіраваны групы медыцынскіх экспертаў.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі адсочвае сітуацыю і прымае неабходныя прафілактычныя меры па папярэджанні завозу дадзенага захворвання ў краіну.
Лёгачная чума мае яшчэ больш востры, чым астатнія формы чумы, плын і адрозніваецца большай лятальнасцю. Асноўныя пераносчыкі захворвання - грызуны і насякомыя, якія сілкуюцца іх крывёю. Лёгачная чума - смяротна небяспечнае захворванне, якое перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд лёгачнай чумы можа складаць усяго 24 гадзіны.-0-