Міёрскі мясакамбінат інвеставаў 300 тыс. еўра ў пашырэнне вытворчасці сыравэнджаных вырабаў

30 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Міёрскі мясакамбінат" інвеставала 300 тыс. еўра ў пашырэнне вытворчасці сыракапчоных і сыравяленых вырабаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. За кошт гэтых сродкаў было набыта нямецкае абсталяванне, якое дазволіць павялічыць выпуск сыракапчонай і сыравяленай прадукцыі з 35 т да 50 т у месяц. Абсталяванне ўстаноўлена ў дзеючым каўбасным цэху. Першую партыю на ім плануецца выпусціць у верасні. Усяго ў першым паўгоддзі камбінат накіраваў на развіццё вытворчасці Br1,2 млрд. За кошт інвестыцый былі набыты таксама ледагенератар для каўбаснага цэха, халадзільныя камеры для цэха тэхнічных фабрыкатаў і іншае дапаможнае абсталяванне. За студзень-чэрвень прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br20,6 млрд., што на 26,9% больш у параўнанні з першым паўгоддзем 2008 года. За гэты перыяд выраблена больш за 2 тыс.т мяса і субпрадуктаў 1-й катэгорыі (тэмп росту 124%), 724 т каўбасных вырабаў (92,3%), 65 т паўфабрыкатаў (69,1%), 88 т харчовых тлушчаў (123,9%). Паказчык па энергазберажэнні за кошт уводу ў 2008 годзе ў эксплуатацыю новай кацельні склаў мінус 31,7% пры заданні мінус 13,5%. Прадукцыйнасць працы вырасла на 17,6%. Экспарт за паўгоддзе ўзрастаў больш чым у пяць разоў да $3,4 млн. Значнае павелічэнне гэтага паказчыка звязана з актыўнымі пастаўкамі ялавічыны 1-й катэгорыі на расійскі рынак, куды ў студзені-чэрвені было адгружана 1,1 тыс.т гэтай прадукцыі. У мінулым годзе такая праца да мая з-за адсутнасці спецыяльнага дазволу не праводзілася, растлумачылі спецыялісты. Прадпрыемства заснавана ў 1965 годзе. Спецыялізуецца на вытворчасці мясных, каўбасных, сыракапчоных вырабаў і паўфабрыкатаў. Асартымент выпускаемай прадукцыі налічвае каля 300 найменняў.-0-