Міёрскі мясакамбінат плануе ў 2010 годзе пабудаваць халадзільнік коштам 2,7 млн. еўра

1 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Міёрскі мясакамбінат" плануе пабудаваць у 2010 годзе новы халадзільнік для замарозкі і захоўвання мясапрадукцыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. Кошт праекта, зацікаўленасць у рэалізацыі якога ўжо выявіў чэшскі інвестар, складае 2,7 млн. еўра. Будзе ўзведзены спецыяльна абсталяваны асобны аб'ект, магутнасці якога дазволяць адначасова захоўваць 500 т прадукцыі. Увод у эксплуатацыю плануецца ажыццявіць у канцы 2010 - пачатку 2011 года. Тэрмін акупнасці праекта - 7,2 года. Запуск аб'екта дазволіць прадпрыемству значна палепшыць якасць выпускаемых вырабаў, больш чым на 30% знізіць затраты на энергурэсурсы і пачаць вытворчасць астуджанага мяса. Магчымасці старога халадзільніка, які не адпавядае сучасным патрабаванням, не разлічаны на выпуск гэтага віду прадукцыі. У 2009 годзе прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br40 млрд., што на 16,8% больш у параўнанні з 2008 годам. Выпрацавана больш за 4 тыс. т мяса і субпрадуктаў І катэгорыі, 1,5 тыс. т каўбасных вырабаў, 146 т паўфабрыкатаў. Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 16% пры заданні мінус 13%. Прадукцыйнасць працы вырасла на 10,5%. Экспарт вырас у тры разы да $6,1 млн. Пастаўкі ажыццяўляліся на расійскі рынак, куды адгружаліся мяса і каўбасныя вырабы. У 2008 годзе такая праца да мая з-за адсутнасці спецыяльнага дазволу не праводзілася, растлумачылі на прадпрыемстве. Інвестыцыі ў асноўны капітал у 2009 годзе склалі Br3,2 млрд. Адным з галоўных праектаў мінулага года стала павелічэнне магутнасцей вытворчасці сыравэнджаных вырабаў у паўтара раза да 50 т у месяц. Прадпрыемства заснавана ў 1965 годзе. Спецыялізуецца на вытворчасці мясных, каўбасных, сыравэнджаных вырабаў і паўфабрыкатаў. Асартымент выпускаемай прадукцыі налічвае каля 300 найменняў. Колькасць працаўнікоў - звыш 280 чалавек.-0-