Міёрскі раён будзе развіваць сацыяльную інфраструктуру і зялёную эканоміку па гранце ЕС

Міёрскі райвыканкам у конкурсе Еўрапейскай камісіі выйграў грант на рэалізацыю праекта "Разам для супольнасці і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", паведамілі ў райвыканкаме.

Ініцыятыва на 90% будзе фінансавацца Еўрапейскім саюзам, агульны бюджэт праекта складзе амаль 1,1 млн еўра. Партнёрамі райвыканкама ў ім выступаюць грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскі сельскі форум. Мэта праекта - стварэнне механізму рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, пабудаванага на партнёрстве мясцовай улады і структур грамадзянскай супольнасці. Гэтая мадэль будзе арыентавана на развіццё ініцыятывы і адказнасці мясцовага грамадства, падтрымку біялагічнай і культурнай разнастайнасці, развіццё сацыяльнай інфраструктуры, экалагічных аб'ектаў і зялёнай эканомікі.

Усе мерапрыемствы праекта можна падзяліць на некалькі асноўных кампанентаў. Сярод іх распрацоўка дакумента стратэгіі ўстойлівага развіцця рэгіёна і стварэнне органаў па яе рэалізацыі, тэрытарыяльных рабочых груп і Агенцтва мясцовага развіцця. Адбудуцца семінары, трэнінгі, прыродаахоўныя і адукацыйныя мерапрыемствы для валанцёраў, экскурсаводаў, майстроў, мясцовых жыхароў, фермераў, прадстаўнікоў аграсядзіб.

"Важным кампанентам стане правядзенне брэндынгавай кампаніі. Падчас яе пройдуць экалагічныя святы "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" ў райцэнтры, мясцовыя святы ў Дзісне і вёсцы Пераброддзе", - адзначылі ў райвыканкаме. Акрамя таго, будзе аказана фінансавая падтрымка грамадскім арганізацыям, аграсядзібам, прадстаўнікам малога бізнесу.

БЕЛТА.