Міёрскі раён адзначае сёння сваё 70-годдзе

29 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міёрскі раён адзначае сёння 70-годдзе з моманту ўтварэння, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Міёрскага райвыканкама Таццяна Стальмачонак. Святкаванне юбілейнай даты пачалося з адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Міёры" ў раённым цэнтры. Аб'ект коштам Br1,8 млрд. уключае залы для гульні ў настольны тэніс і більярд, гімнастычны і трэнажорны залы, басейн, сауну, фінскую і рускую лазні. Яго адкрыццё стала сапраўдным падарункам для мясцовых жыхароў. У раённым доме культуры праходзіць выстаўка дасягненняў "Міёрскі раён - 70: падзеі і людзі". У экспазіцыі прадстаўлена прадукцыя прадпрыемстваў раёна: мясакамбіната, хлебазавода, камбікормавага завода, райпо і іншых працоўных калектываў. Сваю экспазіцыю падрыхтавалі навучэнцы раёна і майстры народных рамёстваў. Адной з самых значных падзей сённяшняга дня стане ўрачысты сход у раённым доме культуры. Акрамя канцэрта з удзелам лепшых выканаўцаў, танцораў і калектываў раёна і вобласці адбудзецца ўшанаванне ветэранаў вайны і працы, перадавікоў вытворчасці (імі прызнаны 12 чалавек). Сем школьнікаў, якія занялі прызавыя месцы на абласных прадметных алімпіядах, і іх настаўнікі будуць адзначаны ганаровымі граматамі з падзякай за поспехі ў навучанні ад імя старшыні райвыканкама. Завяршаючым мерапрыемствам святочнага дня стане танцавальная праграма для моладзі і вечар адпачынку для старэйшага пакалення. Міёрскі раён размешчаны на паўночным захадзе Віцебскай вобласці. Мяжуе з Браслаўскім, Шаркаўшчынскім, Глыбоцкім, Полацкім раёнамі і Латвіяй. Колькасць насельніцтва складае 25,6 тыс. чалавек. Знакамітымі выхадцамі з Міёрскага раёна з'яўляюцца паэт Сяргей Панізнік, мастак Язэп Драздовіч, выдатны грамадскі дзеяч і гісторык Вацлаў Ластоўскі, кампазітар Генадзь Цітовіч, стваральнік музея і бібліятэкі Ф.Скарыны ў Лондане ў 1971 годзе Часлаў Сіповіч і інш.-0-