Міёрскую ЦРБ неабходна ўвесці ў строй датэрмінова - Васіль Жарко

Міёрскую цэнтральную раённую бальніцу неабходна ўвесці ў строй датэрмінова. Такі загад паставіў сёння падчас наведвання гэтага аб'екта намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко.

"Гатоўнасць асноўнага корпуса складае 95-98%. Навошта адцягваць да 9 мая (плануемы тэрмін здачы аб'екта. - Заўвага БЕЛТА), калі можна ўвесці яго на месяц-два раней, каб людзі маглі ў добрых умовах атрымліваць медыцынскую дапамогу", - сказаў Васіль Жарко, звяртаючыся да прадстаўнікоў раённых і абласных органаў улады. Са свайго боку ён паабяцаў улічыць пытанне фінансавання аб'екта пры фарміраванні рэспубліканскага бюджэту. Адпаведны крок чакаецца і ад Віцебскага аблвыканкама. Намеснік прэм'ер-міністра таксама звярнуў увагу на неабходнасць размяшчэння побач з асноўным корпусам паліклінічнага аддзялення. Пакуль яго плануецца размясціць у адным з асобных карпусоў бальніцы. "Гэта важна для забеспячэння даступнасці медыцынскай дапамогі", - падкрэсліў Васіль Жарко.

Як паведаміў намеснік старшыні Міёрскага райвыканкама Леанід Лясовіч, узвядзенне ЦРБ адносіцца да разраду доўгатэрміновых. Агульны кошт аб'екта складае Br17,2 млн. Фінансаванне на гэты год прадугледжана ў аб'ёме Br8 млн (па 50% з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў). Практычна ўвесь аб'ём гэтых сродкаў ужо асвоены. Новая бальніца будзе ўключаць асноўны трохпавярховы корпус агульнай плошчай 6 тыс. кв.м. У ім размесцяцца хірургічнае, аперацыйнае, рэанімацыйнае, тэрапеўтычнае і акушэрскае аддзяленні. У корпусе тыдзень таму было падключана цеплазабеспячэнне, цяпер тут ідуць аддзелачныя работы. Таксама ў склад бальніцы ўваходзяць гаспадарчы корпус (гатоўнасць - каля 50%), кацельня на мясцовых відах паліва (каля 40%), харчаблок, трансфарматарная падстанцыя, будынак лячэбнага газу (закладзены падмурак). Змантаваны інжынерныя сеткі. Паралельна з асноўнымі працамі вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. У цяперашні час яно выканана на 85%. Дзейная бальніца ўключае 11 карпусоў, размешчаных у розных частках города, што нязручна як для жыхароў, так і для працоўнага калектыву медустановы.

БЕЛТА.