Сусветная супольнасць павінна аб'яднаць намаганні для пераадолення глабальнага крызісу і іншых выклікаў - А.Лукашэнка

14:33:41 3/7 НЕТ,РКО,РО,Ф,САВИ / 64 3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі памятаюць і ганарацца подзвігам пакалення Пераможцаў. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 3 ліпеня на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы лічыць глыбока сімвалічным той факт, што Дзень Незалежнасці адзначаецца ў нашай краіне менавіта 3 ліпеня, тым самым звязваючы разам святыя для кожнага з беларусаў словы і паняцці - Воля і Незалежнасць. "Вызначыўшы гэту дату галоўным дзяржаўным святам, беларускі народ у чарговы раз даказаў сваю мудрасць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Бо крыніцай нашага суверэнітэту з'яўляюцца не папяровыя дэкларацыі, не заявы так званых нацыянальных лідараў, а воля народа, яго павага да сваёй гераічнай гісторыі, да таго цяжкага, шматтрудного і незабыўнага подзвігу мільёнаў салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, мірных грамадзян, якія перамаглі карычневую чуму". Нягледзячы на тое, што гітлераўцам удалося прыйсці на беларускую зямлю, паставіць на калені беларускі народ яны так і не змаглі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "У ваенныя гады, нягледзячы на аб'ектыўна меўшыя месца супярэчнасці і розныя палітычныя устоі, заходнія краіны ў барацьбе з нацызмам знаходзіліся ў адным строі з савецкім народам. Гады Другой сусветнай вайны паказалі, што няма нічога даражэйшага за згуртаванасць і яднанне краін і народаў", - адзначыў Прэзідэнт. На яго думку, сёння для пераадолення глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу, прадухілення распаўсюджвання ядзернай зброі, барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам міжнароднай супольнасці неабходна аб'яднаць намаганні, паслядоўна праводзіць справядлівую і міралюбную палітыку. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, "значнасць ролі нашай краіны ў забеспячэнні бяспекі, падтрыманні міру ў еўрапейскім рэгіёне ні ў каго не павінна выклікаць сумневаў". Прэзідэнт перакананы, што ў свеце "не павінна быць звышдзяржаў, якія самі сябе надзялілі правам дыктаваць умовы як жыць суверэнным і незалежным дзяржавам". "Кожны народ, кожная краіна маюць права на ўласны выбар свайго шляху развіцця. Гэта асноватворны прынцып міжнародных адносін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму Беларусь як адна з заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый імкнецца да збліжэння народаў. Мы катэгарычна супраць вырашэння якога-небудзь роду канфліктаў ваенным шляхам". "Вельмі важна, каб кожная дзяржава усведамляла сваю адказнасць перад сусветнай супольнасцю. Беларусь нязменна верная традыцыям міру і добрасуседства. Мы лічым сваімі жыццёва важнымі інтарэсамі развіццё ўсебаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі, захаванне і ўмацаванне існуючых сістэм міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, паслядоўна праводзім збалансаваную шматвектарную знешнюю палітыку", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што "ў апошні час з'явіліся спробы трактаваць прынцып шматвектарнасці амаль як здраду саюзнікаў з боку Беларусі". "Не аслабевае імкненне праціўнікаў беларуска-расійскай інтэграцыі ўбіць клін у нашы адносіны, - адзначыў Прэзідэнт. - Я неаднаразова казаў і яшчэ раз падкрэслю (і хачу, каб гэта пачулі, перш за ўсё, расіяне і кіраўніцтва Расіі): Беларусь не гандлюе дружбай з Расіяй. Мы - брацкія народы, мы - адзін народ. Наша агульная Вялікая Перамога і сённяшні юбілей, якія сімвалізуюць сумесны ўклад у разгром агрэсара, у вызваленне нашых народаў і ўсяго чалавецтва ад фашысцкага паняволення, тысячакроць перавышаюць узаемныя разнадумствы і прэтэнзіі. Супольна мы вырашалі і вырашым любыя праблемы". Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што "за апошнія 15 гадоў рэспубліцы неаднаразова прадказвалі эканамічны крах і сацыяльныя страсенні, але наш запас трываласці дастатковы". На фоне сучасных канфліктаў, тэрарыстычных актаў, якія адбываюцца на розных кантынентах планеты, у Беларусі надзейна забяспечваюцца спакой і згода ў грамадстве, адзінства народа, абарона ад ваенных пагроз і іншых знешніх выклікаў. Для таго, каб так было і надалей, мы паслядоўна і настойліва ўмацоўваем сваю нацыянальную бяспеку, у тым ліку абараназдольнасць, заявіў Прэзідэнт. Па яго ацэнцы, беларуская армія добра ўзброена і падрыхтавана для абароны сваёй краіны. "Нашы сыны, якія аддаюць воінскі абавязак Радзіме, - гэта эліта грамадства. І мы павінны зрабіць усё, каб яны мелі самую сучасную зброю, былі сацыяльна абаронены і самае галоўнае - каб салдацкія маці былі ўпэўнены ў іх шчаслівай долі. Людзі ў пагонах у нашай краіне нязменна карыстаюцца даверам і павагай. Мы дамагліся таго, што служыць у беларускай арміі стала ганарова і прэстыжна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаў шчырыя словы падзякі ўсім ветэранам і павіншаваў суайчыннікаў са знамянальнай датай гераічнай гісторыі Беларусі.-0-