Містэрыю «Мукі Госпада» у пяты раз у Пальмовую нядзелю паставяць у Лынтупах Пастаўскага раёна
26 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Містэрыю "Мукі Гасподнія" у пяты раз у Пальмовую (вербную) нядзелю паставяць у парафіі святога Андрэя ў Лынтупах Пастаўскага раёна, расказаў карэспандэнту БЕЛТА пробашч касцёла ксёндз Павел Кнурэк.
Традыцыя правядзення містэрый зарадзілася ў еўрапейскім сярэднявечным тэатры. Яе сюжэты браліся звычайна з Бібліі. Вось і ў Лынтупах усё дзеянне будзе прысвечана апошнім гадзінам зямнога жыцця Ісуса. Сцэнічнай пляцоўкай стануць наваколлі вёскі. Удзельнічаць у містэрыі будуць парафіяне мясцовай царквы - каля 15 чалавек, а астатнія вернікі стануць гледачамі, якія суперажываюць. У лынтупскай містэрыі няма акцёрскага тэксту. Гледач слухае толькі святара, які расказвае аб падзеях, што паказваюцца, а дадатковыя эмоцыі ў своеасаблівы спектакль прыносіць музыка.
"Наша містэрыя нешта сярэдняе паміж пропаведзю і тэатралізаваным прадстаўленнем. Яна задумана для таго, каб абудзіць у людзях веру", - адзначыў ксёндз. Як чакаецца, паглядзець на дзеянне прыйдуць больш за 200 чалавек.
На Страсным тыдні ў парафіях рымска-каталіцкай царквы будуць праводзіцца духоўныя рэкалекцыі і рыхтавацца да светлага свята Вялікадня. -0-