Мітынг і ўрачыстая цырымонія ўскладання вянкоў з удзелам кіраўніцтва вобласці, горада, воінскіх фарміраванняў і грамадскасці прайшлі ў Віцебску на плошчы Перамогі.
Краіна ўшаноўвае сваіх абаронцаў. Тых, хто адстойваў яе інтарэсы ў гады станаўлення Савецкай улады, ліхалецце Вялікай Айчыннай, у лакальных канфліктах. Мерапрыемствы, прысвечаныя абаронцам Айчыны і 95-годдзю Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, пачалі свой шлях па вобласці напярэдадні свята – 21 лютага. У прыватнасці, у абласным цэнтры адбылося ўскладанне вянкоў у месцах воінскіх пахаванняў па вуліцы Цітова, на Успенскай горцы, брацкай магіле савецкіх воінаў у раёне Лучосы.
Мітынг і ўрачыстая цырымонія ўскладання вянкоў з удзелам кіраўніцтва вобласці, горада, воінскіх фарміраванняў і грамадскасці прайшлі ў Віцебску на плошчы Перамогі.
У звароце да прысутных ушанаваць памяць загінулых і выказаць даніну павагі да цяперашняга пакалення вартавых краіны гучалі словы:
-- Нашы дзяды і бацькі падчас Вялікай Айчыннай бязлітасна громілі ворага пад Масквой і Калінінградам, на Курскай дузе, пры вызваленні Беларусі і краін Усходняй Еўропы. У цяжкіх баях ля сцен Брэсцкай крэпасці, пад Оршай і Магілёвам на першым этапе вайны вораг адчуў сілу Чырвонай Арміі. Назаўжды ў народнай памяці застанецца подзвіг партызан і падпольшчыкаў, якія адстаялі ў барацьбе з фашызмам незалежнасць Айчыны. Неўміручы подзвіг савецкага салдата. Гэта яны – загінулыя і жывыя, вядомыя і безыменныя – насмерць стаялі ў абароне. Перамога была дасягнута вялікай цаной. Віцебшчына страціла кожнага трэцяга свайго жыхара. Імёны герояў-землякоў навекі праславілі наш край: Леў Даватар, Аляксандр Гаравец, Пётр Машэраў, Мінай Шмыроў, Аляксей Данукалаў, Канстанцін Заслонаў…
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец адзначыў, што гэта ўсенароднае свята, звязанае перш за ўсё з маральнасцю, выхаваннем, патрыятызмам. І, нягледзячы на тое, што свята называюць мужчынскім, яно мае непасрэднае дачыненне і да прыгожай паловы. Бо нямала жанчын носіць пагоны, а колькі забяспечвае надзейны тыл. Зрэшты, нават малыя сёння могуць на свой рахунак прымаць віншаванні, бо наша будучыня ў іх руках.
– Самыя светлыя пачуцці ў гэты дзень – гонар за сваю Радзіму, за свой народ, Узброеныя Сілы, тэрытарыяльную абарону. У нас міралюбная дзяржава, -- падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч, -- ваенная дактрына звязана толькі з абаронай краіны. Адчуваюцца сілы, здольныя забяспечыць квітнеючую дзяржаву, абараніць мірную працу людзей. Я віншую ўсіх людзей і перш за ўсё ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны! Менавіта яны адстаялі мірнае неба над намі. Далі магчымасць жыць і ствараць. Дань памяці аддаём і воінам-інтэрнацыяналістам. Наш народ і армія – адзіныя.
Урачыстым маршам прайшлі па галоўнай плошчы горада воіны Віцебшчыны. Артылерыйскія прылады салютавалі абаронцам Айчыны святочнай кананадай. Затым у канцэртнай зале «Віцебск» адбылося ўрачыстае сход і святочны канцэрт.