Мітынг з нагоды Дня абаронцаў Айчыны прайшоў у Віцебску
Мерапрыемствы, прысвечаныя святу, прайшлі ва ўсіх раёнах Віцебшчыны. Прадстаўнікі ўлады і грамадскасці наведалі помнікі і месцы масавага пахавання загінулых вайскоўцаў, у дамах культуры і ўстановах адукацыі былі арганізаваны святочныя канцэрты.
У Віцебску кіраўніцтва аблвыканкама і адміністрацый раёнаў горада, дэлегаты ад працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і моладзі сабраліся на плошчы Перамогі. Ля манумента савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам адбылася цырымонія ўскладання вянкоў і кветак.
— Нам з дзяцінства прывівалі, што армія для мужчыны — гэта школа мужнасці, гераізму, стойкасці характару. Гэтымі якасцямі павінен валодаць кожны, каму ў выпадку неабходнасці трэба будзе абараняць Радзіму і сваіх блізкіх. Я ганаруся, што наша моладзь, у тым ліку кадэты і школьнікі, выхавана менавіта ў такім патрыятычным ключы. Упэўнены, цяперашняе пакаленне, як іх продкі, стане надзейным шчытом супраць ворага, — сказаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў. — Віншую ўсіх жыхароў вобласці з вялікім святам — Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, жадаю здароўя, дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
У памяць аб загінулых воінах прагучалі залпы гармат. Салдаты, прадстаўнікі сілавых структур і кадэты прайшлі ўрачыстым маршам перад мемарыялам. На плошчы Перамогі была арганізавана выстава ўзораў сучаснай баявой тэхнікі і ўзбраення.
У КЗ «Віцебск» на ўрачыстым сходзе ветэранам уручаць юбілейныя ўзнагароды «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь».
— Дадзенай медалём узнагароджваюцца вайскоўцы, якія дасягнулі высокіх вынікаў у службовай дзейнасці, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сілаў, службовыя асобы дзяржаўных органаў Беларусі і іншых краін, тыя, хто ўнёс значны ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці рэспублікі і ваенна-патрыятычнае выхаванне, — сказаў ваенны камісар вобласці Руслан Шкодзін.
Адным з першых медаль уручаць ветэрану Аляксею Іванову, які пражывае ў Віцебску. Ён перажыў блакаду, са снежня 1944 года па май 1945-га ваяваў на фронце, вызваляючы Беларусь, Прыбалтыку і Усходнюю Прусію. Пасля вайны служыў у 103-й асобнай паветрана-дэсантнай дывізіі. Мае шэраг баявых узнагарод, у тым ліку ордэн Айчыннай вайны І ступені.
Днямі Аляксею Міхайлавічу споўніцца 93 гады. Нягледзячы на ўзрост, Руслана Шкодзіна і кіраўніка ветэранскай арганізацыі вобласці Сяргея Ольсевіча ён сустрэў у форме і паабяцаў заставацца ў страі — весці патрыятычную працу з моладдзю. Руслан Мікалаевіч і Сяргей Іосіфавіч уручылі яму ўзнагароду, пажадалі здароўя і доўгіх гадоў жыцця.