Мітынг-рэквіем у памяць пра загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў прайшоў у Віцебску
30 гадоў таму апошні савецкі салдат перайшоў мост памежнай ракі Амудар'я пад Тэрмезам — завяршыўся вывад абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана. Баявыя дзеянні доўжыліся звыш 9 гадоў і лічацца самымі працяглымі ў ХХ стагоддзі.
У сучаснай гістарыяграфіі аб той вайне часта гавораць як аб першай антытэрарыстычнай аперацыі. 15 лютага — гэта не проста сустрэча аднапалчан, якія ваявалі разам, але і магчымасць аддаць даніну пашаны баявым таварышам, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу.
— Дзень вываду войскаў з Афганістана — гэта адначасова і свята для тых, каму пашчасціла вярнуцца дадому жывымі, і дзень смутку аб загінулых. Гэтая вайна назаўжды застанецца ў гісторыі нашай краіны, бо яна напісана крывёю сотняў беларускіх салдат, слязамі маці, удаў і сірот, якія страцілі сыноў, мужоў і бацькоў, — сказаў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч. — Тыя падзеі — асаблівая старонка ў летапісе нашай вобласці. У авангардзе савецкіх войскаў, якія ўвайшлі ў далёкую краіну, былі вайскоўцы 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і лётчыкі 339-га палка ваенна-транспартнай авіяцыі, якія дыслакаваліся на Віцебшчыне, і першыя пахавальныя паведамленні пачалі прыходзіць на нашу зямлю.
У юбілей вываду войскаў у кожным раёне вобласці адбыліся мітынгі-рэквіемы, цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да мемарыялаў воінам-інтэрнацыяналістам.
У Віцебску месцам сустрэчы ўдзельнікаў баявых дзеянняў, сем'яў загінулых, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый традыцыйна стаў помнік «Боль».
Ветеранаў-«афганцаў» ля мемарыяла сабралося некалькі дзясяткаў. Таксама на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі абласной і гарадской улады.
Ваеннаслужачыя 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады трымалі партрэты нашых землякоў, загінулых у Афганістане. Усе героі былі названы паімённа.
— Колькі б гадоў ні прайшло пасля афганскіх падзей, мы заўсёды будзем памятаць тое, што зрабілі воіны-інтэрнацыяналісты і ганарыцца іх подзвігамі. Савецкія войскі выходзілі з сярэднеазіяцкай краіны з разгорнутымі сцягамі і пачуццём выкананага абавязку, — паведаміў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. — Яны з годнасцю і гонарам выконвалі пастаўленыя перад імі задачы, абараняючы інтарэсы дзяржавы, ахвяравалі сваімі жыццямі і здароўем. Двое нашых землякоў, Васіль Піменаў і Васіль Шчарбакоў, удастоены звання Героя Савецкага Саюза, звыш 1,5 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. 160 прадстаўнікоў Віцебшчыны загінулі «за ракой», яшчэ 1,2 тыс. памерлі ад атрыманых псіхалагічных і фізічных траўм у пасляваенныя гады. У нашых сэрцах назаўжды застануцца імёны тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў.
Таксама Уладзімір Уладзіміравіч падкрэсліў, што сёння інтэрнацыяналісты — надзейная апора ўлады ў патрыятычным выхаванні моладзі, сацыяльнай абароне салдат і афіцэраў, членаў іх сем'яў.
— Наша дзяржава робіць многае для воінаў-інтэрнацыяналістаў, не забывае сваіх герояў. І гэты клопат не абмяжоўваецца толькі матэрыяльнай дапамогай. Члены грамадскай арганізацыі «афганцаў» да гэтага часу знаходзяцца ў страі, займаючыся працай з падрастаючым пакаленнем і ўдзельнічаючы ў грамадска-палітычным жыцці краіны, — падкрэсліў ваенны камісар вобласці Руслан Шкодзін. — Часам кажуць пра непатрэбнасць той вайны. Але мы ведаем, што ў ваенных, якія адправіліся ў Афганістан, не было выбару, яны выконвалі загад. Прычым зрабілі гэта выдатна.
Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання, у іх гонар прагрымелі артылерыйскія залпы.
Нараўне з мужчынамі «за рэчкай» служылі воіны-жанчыны і грамадзянскія спецыялісты.
— У Віцебску сёння сабралася шмат гасцей з Беларусі і з-за мяжы. Гледзячы на шматлікасць мітынгу, я разумею, што памяць пра загінулых інтэрнацыяналістаў жывая ў нашых душах, іх ахвяры не былі марнымі, — адзначыла старшы сяржант запасу, кіраўнік жаночага савета гарадской арганізацыі «Братэрства» БСВА Марыя Кіянко. — Мы працягваем сустракацца з саслужыўцамі, успамінаць загінулых таварышаў, а таксама весці патрыятычную працу, бо за моладдзю будучыня Беларусі.