Мітрапаліт Філарэт дабраславіў Свята-Уваскрасенскую царкву ў Віцебску на паспяховае завяршэнне будаўніцтва
7 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі ў свята Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы правёў святочнае богаслужэнне ў старажытнай Дабравешчанскай царкве ў Віцебску, узначаліўшы Боскую літургію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Затым мітрапаліт Філарэт наведаў Свята-Уваскрасенскую царкву, якая будуецца, дабраславіўшы яе на паспяховае завяршэнне работ.
Як паведаміў кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, рэканструкцыя гэтага помніка архітэктуры XVIII стагоддзя пачалася ў 2001 годзе. Аб'ём інвестыцый на правядзенне ўсіх будаўнічых работ складае каля Br5,7 млрд. Больш Br2 млрд. з іх ужо асвоена. Цалкам завяршыць аднаўленне царквы плануецца да 1 ліпеня, а яе ўрачыстае адкрыццё адбудзецца ў дні Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Аляксандр Косінец таксама адзначыў, што ў адпаведнасці з праектам па рэканструкцыі гістарычнай часткі горада вуліца Суворава, на якой знаходзіцца Свята-Уваскрасенская царква, стане пешаходнай. Акрамя таго, цяпер аднаўляецца Свята-Успенская царква, а ў найбліжэйшай перспектыве плануецца на плошчы Свабоды закласці першы камень Мікалаеўскага храма.-0-