Мітрапаліт Філарэт правядзе набажэнствы ў гонар Дабравешчання ў Мінску і Віцебску
6 красавіка, Мінск /Уладзімір Васількоў - БЕЛТА/. Заўтра праваслаўныя хрысціяне Беларусі і іншых краін адзначаюць адно з найвялікшых свят - Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы. Сёння ўвечары і заўтра раніцай з нагоды ўрачыстасці Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі здзейсніць богаслужэнні ў Мінску і Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сакратар Патрыяршага Экзарха протаіерэй Мікалай Коржыч.
Сёння ў 18:00 Уладыка Філарэт пачне служыць Усяночнае бдзэнне ў сталічным Благавешчанскім храме (на Партызанскім праспекце). Заўтра ў 10:00 ён узначаліць Боскую літургію ў старажытнай Благавешчанскай царкве Віцебска.
Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы з'яўляецца адной з самых галоўных падзей хрысціянства. У старажытнай Царкве гэтае свята лічылася другім па значнасці пасля Вялікадня.
У гэты дзень згодна з хрысціянскім догматам адбылося Багаўцелаўленне - Усявышні Тварэц у абліччы чалавека-дзіцяці ўвайшоў у сваё стварэнне - матэрыяльны свет. Чалавецтва стагоддзямі чакала прышэсця Збавіцеля, і момант невымоўнага зачацця Багачалавека стаў магчымым, калі ў свеце знайшлася Дзева найвялікшай святасці і чысціні, годная нарадзіць Месію, - Марыя з Назарэта.
На святочным богаслужэнні ў гэты дзень праваслаўныя хрысціяне спяваюць у храмах: "Сёння - пачатак нашага збавення, з'яўленне таямніцы, прадвызначанай ад пачатку часоў. Божы Сын становіцца сынам дзевы, і гэтую добрую вестку абвяшчае Архангел Гаўрыіл. І разам з ім выклікам і мы: радуйся, благадатная, Гасподзь з табою!".-0-