Міхаіл Вішневецкі прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама

Прызначаны новы начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама.

Ранейшага кіраўніка абласнога ведамства, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрыя Дзеркача змяніў Міхаіл Вішневецкі, які да гэтага займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама.

Міхаіл Леанідавіч родам з Віцебска. Пасля заканчэння ВДМУ па спецыяльнасці «Лячэбна-прафілактычная справа» некалькі гадоў прапрацаваў у практычнай медыцыне ў родным горадзе, у тым ліку ў хірургіі і ўралогіі. Таксама спрабаваў сябе ў сферы бізнесу: у 2000-х адкрыў ІП, а пазней быў дырэктарам таварыства з абмежаванай адказнасцю «Крыстан-Сервіс». Затым скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і з 2009 года перайшоў на дзяржслужбу ў аблвыканкам.

Кіраўніком абласнога ведамства Міхаіл Вішневецкі прызначаны з 7 красавіка. 

"Віцебскія весці".